Навіны
*
BULBA FEST! Далучайцеся да нас на Bulba Fest — унікальнае сьвята культуры, смаку й добрай музыкі! Пр…
*
У Беларускай прасторы «Робім разам» у Варшаве адкрылася ўнікальная выстава плакатаў розных аўтараў …
*
Чем будет заниматься Пушилин в Минске?По информации BELPOL визит оккупанта Д.Пушилина не является сл…
*
Режим недоволен БРСМВ распоряжении BELPOL оказался документ, предназначенный «для внутреннего пользо…
*
Мінскае аддзяленне УП “Беларуская гандлева-прамысловая палата” (далей БелГПП) арганізуе з 28 верасня…
*
Добрага ранку ўсім! Сёння чацвер і традыцыйна мы запрашаем на біблійныя чытанні! З верасня месяца мы…
*
Курс размоўнай ангельскай мовы «Talk to Me»Разам з Кацярынай, білінгвай і міжкультурнай камунікатарк…
*
Калі мы здамося – лягчэй не стане.Беларусь будзе вольнай….
*
Уладзімір Някляеў прэзентаваў новы зборнік вершаўПрэзентацыя прайшла ў беларускай прасторы ў Варшав…

 Сёння спаўняецца 920 гадоў з дня нараджэння св. Еўфрасінні ПолацкайЕўфрасіння Полацкая (у міру Прад…

*

Сёння спаўняецца 920 гадоў з дня нараджэння св. Еўфрасінні Полацкай

Еўфрасіння Полацкая (у міру Прадслава) нарадзілася верагодна 5 студзеня 1104 г. у Полацку ў княжацкай сям’і. Яе бацькам быў малодшы сын Усяслава Чарадзея Святаслаў-Георгій. Бацькі збіраліся аддаць Прадславу замуж, але яна абрала іншы шлях. Прадслава прыйшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла манаскі пострыг, каб прысвяціць жыццё Богу.

“Святым духам напоўніўся розум яе, – апавядае “Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай”, напісаны яе сучаснікам, — і сказала сабе: “Што ж паспелі роды нашы, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах… Затое жанчыны, што мячом духоўным адсеклі цялесныя асалоды — тых памятаюць на зямлі…”

Еўфрасіння надала вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Там былі адкрытыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг. У створаных ігуменняй школах юныя палачане, апрача царкоўна-славянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны. З найбольш здольнымі праводзіліся заняткі па паэтыцы і рыторыцы. Значная ўвага аддавалася гісторыі.

Збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала мецэнаткай. На яе замову полацкі дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ ст. збудаваў за 30 тыдняў храм Спаса — найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы, які захаваўся да нашых дзён. Полацкая князёўна-ігумення замовіла таксама ўнікальныя фрэскі Спасаўскай царквы і створаны полацкім майстрам Лазарам Богшам знакаміты Крыж, які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі. З імем Еўфрасінні звязанае з’яўленне на нашай зямлі прывезенай з Візантыі іконы Маці Божай Адзігітрыі.

Міратворчыя клопаты Еўфрасінні, што мелі на мэце патушыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў, адлюстраваныя ў царкоўных спевах, створаных у гонар асветніцы ў XII ст.: “Князем сродником друг на друга дерзающе подняти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро…”.

На схіле жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Святую зямлю. Там у 1167 г. і завяршыўся яе зямны шлях. Асветніца была пахаваная ў Ерусаліме ў Феадосіевым манастыры Найсвяцейшай Багародзіцы. Праз 20 гадоў яе мошчы перанеслі ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 г. яны былі ўрачыста вернутыя ў заснаваны асветніцай Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе захоўваюцца і цяпер.

Полацкую ігуменню прызнае святой і Каталіцкая, і Праваслаўная Царква. Еўфрасіння шануецца як нябесная заступніца Беларускай зямлі. Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца 23 траўня.