Беларускі самвыдат ў краіне, дзе большасць насельніцтва размаўляе на расейскай мове, – сама па сабе з’ява ўнікальная. Зараджэнне яго адбылося яшчэ ў 1971 г, аднак сапраўдны “бум” прыйшоўся на 1988 – 1991 гг. і 1996 – 1999 гг.
Інтарэс да роднага ў Беларусі прачнуўся на хвалі нацыянальнага адраджэння падчас пачатку перабудовы і абвяшчэння палітыкі галоснасці ў СССР.
Трэба адзначыць, што стваральнікамі самвыдату часцей за ўсё выступалі хто заўгодна, акрамя прафесійных журналістаў. Гэта былі прадстаўнікі інтэлігенцыі – вучоныя, мастакі, гісторыкі. Менавіта таму і друкаваўся самвыдат у той час пераважна на базе навучальных устаноў і інстытутаў, якія мелі ротапрынты.
У пачатку 90-х самвыдат таксама друкуецца ў дамах друку, але асобна ад дазволеных папер і часопісаў. З’яўляецца такі цікавы тэрмін, як “начны друк” – папера, што заставалася ад афіцыйных выданняў, няўмысна абвяшчалася бракаванай і ішла на патрэбы самаробных медыяў.
“Начны друк” і ўвогуле распаўсюджанне беларускамоўнай самаробнай літаратуры сталі магчымы перадусім праз паслабленне кантролю з боку КДБ у пачатку 90-х. Самвыдат, які існаваў раней, у 80-х гг., быў менш паспяховым. Некаторыя выданні вымушаны былі спыніць сваю дзейнасць пад ціскам КДБ, нягледзячы нават на тое, што былі амаль цалкам апалітычнымі («Блакітны ліхтар», «Мілавіца»).