Дзённік Каліноўца. Да каго піша трусік?Цяжкія баі на Паўднёвым напрамку. Капаю сабе «магілку». Не па…

Дзённік Каліноўца. Да каго піша трусік?

Цяжкія баі на Паўднёвым напрамку. Капаю сабе «магілку». Не палохайцеся: сваё пахаванне я пакуль не запланаваў. Гэта я так акоп называю. Капаць пад абстрэламі – такое сабе, а тут яшчэ нейкі корань, відавочна, жалезнага дрэва папаўся. Лапатка яго не бярэ. Іду з праклятым коранем у рукапашны. Як вы разумееце, не з крыкамі «Ура!» і «Слава Украіне!» І ведаеце – дапамагае. Калі кожны ўдар па ворагу суправаджаць вядомым выразам, за якое баняць у сацсетках, гэта +100 да небяспекі.
У суседняй «магілцы» ляжыць партугалец. Нічога дзіўнага: мы ж байцы Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны. Прыкол у тым, што партугалец разумее, натуральна, партугальскую і крыху ангельскую. З намі, беларусамі, партугальскі добраахвотнік камунікуе праз свайго камандзіра. Цяпер у партугальца проста выбухае мозг: ужо на працягу паўгадзіны ён чуе з майго акопа адну і тую ж фразу, якую я прамаўляю з асаблівым пачуццём. Нарэшце, партугалец не вытрымлівае:
– Камандзір! Што гэта? Які трусік? Што ён напісаў? Чаму гэты хлопец ужо гадзіну крычыць: Your Bunny wrote? З хлопцам сапраўды ўсё нармальна?
– Твой трусік Бані напісаў? Ё Бані роўт? – збянтэжана перапытвае камандзір, а потым пачынае рагатаць і скрозь смех прамаўляе англамоўную версію майго эмацыйнага выказвання.
З партугальскай «магілкі» высоўваецца рука ў тактычнай пальчатцы з паднятым уверх вялікім пальцам: – Your Bunny wrote! Nice!

#дзённік_каліноўца