Дзённік каліноўца. Негеройскае кіно Бывае, калі ўсё ідзе ня так. На баявую задачу ў той раз мы высо…

Дзённік каліноўца. Негеройскае кіно

Бывае, калі ўсё ідзе ня так. На баявую задачу ў той раз мы высоўваліся ўначы. Непрыемнасці пачаліся літаральна з першых хвілін: я страціў ліхтарык. Кажаце: дробязь? Вы ўвогуле не ўяўляеце, наколькі на вайне выбіваюць з каляіны менавіта дробязі. А калі такія дробныя непрыемнасці пачынаюць сыпацца як з дзіравага мяшка – гэта нейкае пекла!
Месца ў пікапе мне, натуральна, дасталася ўвогуле ні пра што. А з маімі больш, чым вялікімі габарытамі – гэта сур’ёзны пракол. У дадатак да ўсяго яшчэ і падняўся пранізлівы вецер. Карацей, на месца я прыбыў у афігіцельнай форме: змерзлы да костак і з анямелымі рукамі-нагамі.
Ландшафт, як і варта было чакаць, таксама быў прама ў гэты радок: цалкам адкрытая прастора, якая праглядалася са ўсіх бакоў. Перасоўваліся спачатку па “зялёнцы”, якая час ад часу прастрэльвалася. Пад раніцу схаваліся ў жалезабетоннай меліярацыйнай трубе сярод чыстага поля. Не – мы не ідыёты. Проста альтэрнатывы не было ад слова зусім.
Настала раніца. Вайна вайной, але фізіялогіі ніхто не адмяняў. Кажу: “Хлопцы, як хочаце, але я пайшоў у далёкі канец трубы!” Калі да гэтага я думаў, што дзень не задаўся, то я памыляўся. Варта мне было расшпіліць парткі і прысесці – як нас накрылі “Грады”. Пракляты “арлан” нас убачыў – і пайшла музыка. “Грады” б’юць без перапынку – а ў галаве адна думка: “Толькі б паспець парткі нацягнуць! Памерці пасярод поля, у бетоннай трубе і з голай дупай – не, да такога я не рыхтаваўся!” Карацей – справы я зрабіць паспеў, а вось штаны нацягваў ужо лежачы на ​​жываце. Навошта я ўсё гэта расказваю? Ды наогул да таго, што вайна – гэта не геройскае кіно.

#дзённік_каліноўца