СПЫНЕНАЕ ЖЫЦЦЁЗаходжу ў вёску. Цішыня. Нібыта спакой. Але ў гэтым спакоі няма нічога жывога. Вуліцы,…

СПЫНЕНАЕ ЖЫЦЦЁ

Заходжу ў вёску. Цішыня. Нібыта спакой. Але ў гэтым спакоі няма нічога жывога. Вуліцы, на якіх ад хат засталіся толькі руіны. Руіны жыцця сотняў людзей.
Гляджу на наследкі “освобожденной” вёскі, а ўнутры нястрымная злосць і пустата.
Першая хата. З чатырох сцен адна цэлая, каля якой стаіць шафа з рэчамі. Паліто, сукенка, у якіх нехта радаваўся, кахаў, жыў.
Суседняя хата, у якой, відавочна, жылі дзеці. Гэта кідаецца ў вочы па дзіцячым цацкам, якія віднеюцца з пад завалаў. На ложку фотаальбом з фотаздымкамі дзяцей, сям’і, шчасця людзей. Дзе яны цяпер? Хто ведае.
Далей зусім іншая хата. Хата з дзяцінства кожнага з нас. Хата бабулі. Хусткі, якія яна захоўвала “на свята” і набор для гарбаты. Кубкі, у якія кожнаму ўнуку бабуля налівала смачную гарбатку летам, калі прыязджалі да яе на канікулы.
Але ж што адметнае ў кожнай хаце, дык гэта іконы. Тое, што так важна для шматлікіх людзей – вера, яна тут знішчана. “Освободители” і гэта браліся “освободить”. Малітвенныя куткі проста ляжаць у руінах дахаў і сцен. Здаецца, што і лікі на іконах ужо не застаўляюць шанца рускім на ратаванне. Нічога светлага ў іх ужо даўно няма.
Напрыканцы, хата, на якой фарбай напісана “Украіна”. Каго яны намагаюцца перамагчы? Незламныя людзі, незламная краіна.

#дзённік_каліноўца