Паводле падлікаў даследчыкаў, колькасць беларусаў, якія патрапілі пад каток масавых рэпрэсій, складае ад 600 000 да 1,4 мільёна чалавек. Але дакладна падлічыць забітых, закатаваных, сасланых ў лагеры і на вечнае перасяленне за ўвесь савецкі перыяд немагчыма, бо разам з людзьмі знішчалася памяць пра іх. Менавіта таму важна насуперак усяму ўзгадваць пра ахвяр палітычных рэпрэсій як мага часцей, бо кожны раз, калі мы чытаем радкі рэпрэсаваных паэтаў ці пісьменнікаў, сусветнае зло становіцца трошку слабейшым.
Чорная ноч — не проста кропка ў гісторыі, а таксама трагічны сімвал усіх пакут, болю і няшчасця, якія беларускім літаратарам прынесла савецкая ўлада. Сёння мы прапаноўваем вам паслухаць творы не толькі расстраляных паэтаў, але і шэрагу іншых дзеячаў нашай літаратуры, жыццё якіх было назаўсёды абарванае альбо скалечанае рэпрэсіямі.
«Кветка пажоўклая». Міхась Зарэцкі — празаік, драматург, перакладчык, крытык, член Саюза Пісьменнікаў Беларусі, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук БССР. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года.
Міхась Зарэцкі быў зачынальнікам рамантычнага кірунку ў беларускай літаратуры 20-х гадоў. «Кветка пажоўклая» — адзін с самых яскравых яго твораў. https://audiobooks.by/books/kvetka-pazhouklaia
«На імперыялістычнай вайне». Максім Гарэцкі — пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст. Расстраляны 10 лютага 1938 года.
«На імперыялістычнай вайне» часта параўноўваюць з творамі Рэмарка альбо Барбюса: у першую чаргу іх яднае цвёрдая антываенная пазіцыя аўтараў. https://audiobooks.by/books/na-imperyalistychnai-vaine
«Птушкі бяз гнёздаў». Ларыса Геніюш — паэтка, празаік, грамадская дзяячка. У лютым 1945 была асуджаная на 25 гадоў зняволення ў лагерах. У 1956 годзе часткова рэабілітаваная.
«Птушкі бяз гнёздаў» — шчырая споведзь нязломнага, дарэшты адданага Бацькаўшчыне чалавека, бясконца ўлюбёнага ў свой родны край, у людзей сваёй зямлі. https://audiobooks.by/books/ptushki-biaz-gniozdau
Вершы. Уладзімір Дубоўка — паэт, празаік, перакладчык, крытык. Быў арыштаваны і асуджаны некалькі разоў: у 1931, 1937 і 1949 годзе. Рэабілітаваны ў 1957.
Паэзія Дубоўкі адметная ўдалым спалучэннем фальклорнай традыцыі і смелага наватарства, а ягоны творчы шлях звязаны з «Маладняком» і «Узвышшам» — найбольш выбітнымі літаратурнымі аб’яднаннямі таго часу. https://audiobooks.by/books/vershy-uladzimira-dubouki
«Дзіўная справа». Міхась Чарот — паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года.
П’есы Міхася Чарота — безумоўна, адна з самых цікавых з’яў беларускай літаратуры дваццатага стагоддзя: музычны спектакль па ягонай драме «На Купалле» можна лічыць першым беларускім мюзіклам. Нават празаічныя творы Чарота надзвычай музыкальныя — так, паводле апавядання «Дзіўная справа» быў пастаўлены вадэвіль. https://audiobooks.by/books/dziunaia-sprava