«Каардынацыйная рада памёрла! Няхай жыве Каардынацыйная рада?!» Андрэй Ягораў пра рэформу КРУ дэмакр…

«Каардынацыйная рада памёрла! Няхай жыве Каардынацыйная рада?!» Андрэй Ягораў пра рэформу КР

У дэмакратычнай структуры прыняцці рашэнняў робяцца большасцю, але з улікам меркавання ўсіх. Сябра КР Андрэй Ягораў быў супраць рэформы КР. Ён увогуле быў за роспуск арганізацыі, аднак такое меркаванне было сярод меншасці. На сваёй Фб-старонцы палітолаг распавёў, чаму ён быў супраць аднаўлення КР і ў чым бачыць яго новую ролю.

– Каардынацыйная рада, ініцыяваная Святланай Ціханоўскай, не змагла перажыць уласнага крызісу, выкліканага разгромам яго прэзідыума ў верасні 2020 года. Пасля арышту Машы Калеснікавай і Максіма Знака і вымушанага ад’езду іншых яго лідэраў КР не змог аднавіць свае палітычныя функцыі.
Лагічны крок з перавыбраннем новага складу прэзідыума не быў зроблены. КР страціў і лідэраў, і лідэрства.

Пры гэтым за КР замацавана месца «легітымнага прадстаўніцтва» беларускага грамадства ў адносінах з міжнароднай супольнасцю, і ён усё яшчэ захоўвае вядомасць і давер з боку пратэстнай часткі грамадства.

Ці можа новы склад КР вярнуць яму палітычную дынаміку?

Гэта будзе залежаць ад двух фактараў:

– сапраўднай прадстаўнічасці яго складу.
У гэтым выпадку частка пытанняў узгаднення інтарэсаў і стратэгій розных палітычных груп будзе вырашацца на пляцоўцы КР, а не праз пераплёўванні ў YouTube.

– фармату і рэгламенту працы. Толькі пры наяўнасці ўнутры рэальных палітычных аб’яднанняў дэлегатаў (фракцый, груп, платформ) і палітычнай барацьбы паміж імі можна чакаць нечага палітычна асэнсаванага.

КР можа быць патрэбны тым, хто ставіць палітычныя задачы і бачыць сам КР як свой палітычны інструмент. Але тут узнікае пытанне аб тым, ці ёсць такая партыя/партыі. Ці ёсць такія групы, якія гатовы паспрабаваць узяць задачу рэарганізацыі КР на сябе? Ці можа нехта прэтэндаваць на тое, каб узяць калі не большасць у КР, то хаця б сфарміраваць базавую групу аднадумцаў унутры яго?

Калі не, то лёс КР бачыцца мне вельмі сумным.

Разгорнуты каментар палітолага па спасылцы.