«Прававая культура беларусаў фарміравалася стагоддзямі, і таму нас так «трыгерыць», калі камусьці ро…

«Прававая культура беларусаў фарміравалася стагоддзямі, і таму нас так «трыгерыць», калі камусьці робіцца «не да законаў»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык – пра Канстытуцыю 3 траўня:

«У гэты дзень у 1791 годзе Сойм Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла Беларусь, прыняў асноўны закон дзяржавы – «Уставу аб кіраванні», больш вядомую як «Канстытуцыя 3 траўня».

Для мяне, гарадзенкі, якая вучылася ў школе па падручніках з бела-чырвона-белай вокладкай, а пасля скончыла гістарычны факультэт, гэтая дата заўсёды была натуральнай, арганічнай часткай гісторыі Беларусі.

На жаль, за апошнія 29 гадоў школьныя падручнікі па гісторыі змяніліся да непазнавальнасці. Іх старонкі насычаныя маніпуляцыямі, прапагандай і скажэннямі гістарычных падзей. Школьнікам навязваюцца іншыя, ідэалагічна прымальныя для рэжыму гістарычныя даты.

Падчас канферэнцыі Каліноўскага ў Вашынгтоне, на якой я нядаўна прысутнічала ў складзе дэлегацыі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, мы абмяркоўвалі прававы дэфолт у Беларусі. На канферэнцыі былі высокапастаўленыя афіцыйныя асобы ЗША і іншых краін, у т.л. кангрэсвумэн Нэнсі Пэлосі. Амерыканцы распавядалі пра першую ў свеце Канстытуцыю ЗША. І я пачала ім казаць, што беларусы – разам з іншымі тагачаснымі народамі Рэчы Паспалітай – займелі другую ў свеце дэмакратычную Канстытуцыю, якая была прынята ўсяго на тры гады пазней амерыканскай. Яны былі шчыра ўражаныя гэтым фактам.

Уся нашая гісторыя – ад полацкага веча, праз Статут ВКЛ і Канстытуцыю 3 траўня – сведчыць, што прававая культура беларусаў фарміравалася стагоддзямі. Мы добра ведаем, што такое закон, і таму нас так «трыгерыць», калі камусьці робіцца «не да законаў». Я ўпэўнена, што пасля гэтага рэжыму з яго беззаконнем мы зможам пабудаваць прававую дзяржаву, з якасным заканадаўствам, у цэнтры якой стаіць не нейкі клан, а грамадзяне»

@CabinetBelarus