Народнае пасольства ў Эстоніі распачынае сваю працу. Афіцыйнае прадстаўленне новай установы адбудзецца 6 лютага падчас вялікай канферэнцыі салідарнасці (трансляцыю можна будзе паглядзець па спасылцы). Негледзячы на тое, што мясцовая дыяспара не вельмі вялікая, яе прадстаўнікі вылучаюцца заўважнай актыўнасцю.
Так, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў яе беларусы Эстоніі сабралі подпісы за тое, каб вылучыць сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі. З’явілася некамерцыйная арганізацыя Valgevene Maja (Дом Беларусі), а таксама арганізацыя для ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі дзяржаўнай улады.
Дыяспара неаднойчы праводзіла пікеты, мітынгі і акцыі каля афіцыйнага пасольства Беларусі. Адна з іх — «ланцуг салідарнасці» даўжынёй у тры кіламетры, які працягнуўся ад пасольства да плошчы Свабоды ў Таліне. Акцыю салідарнасці з Беларусамі наведаў тагачасны міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Дзякуючы гэтай актыўнасці, дыяспара дамаглася непрызнання Эстоніяй вынікаў выбараў прэзідэнта. Паўночная суседка Беларусі таксама падтрымала ўвядзенне санкцый, ініцыявала абмеркаванне сітуацыі ў краіне на ўзроўні Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы, Савета бяспекі ААН, Савета ААН па правах чалавека, АБСЕ.
Акрамя палітычных, дыяспара праводзіць культурныя акцыі: «Ноч расстраляных паэтаў» у талінскім Музеі акупацыі і свабоды Vabamu, фотавыстаўку «Беларусь будучыні. Сіла жаночай волі», якая цяпер гастралюе па гарадах Эстоніі. Ёсць у творчым раёне эстонскай сталіцы і мурал «Дыджэі перамен».
Галоўны эстонскі вопыт, які б хацела перанесці ў Беларусь дыяспара, датычыць электроннага ўрада. Дзякуючы гэтай сістэме жыхары краіны могуць атрымаць патрэбную інфармацыю і паслугі ад дзяржавы. Эстонія — першая краіна ў свеце, якая яшчэ ў 2005 годзе дала грамадзянам магчымасць электроннага галасавання на выбарах, а падчас выбараў у Еўрапарламент у 2011 годзе анлайн прагаласавала 24% мясцовых выбаршчыкаў.
«Мы лічым, што Новая Беларусь павінна пераняць сістэму электроннага ўрада Эстоніі. Асабістае ўзаемадзеянне паміж дзяржаўнымі арганізацыямі і заяўнікам у Эстоніі мінімізавана праз максімальнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Гэта спрашчае, паляпшае і прыспяшае ўзаемадзеянне, робіць яго празрыстым, а таксама памяншае ўзровень карупцыі, што з’яўляецца велізарнай праблемай сучаснай Беларусі», — лічаць прадстаўнікі дыяспары.