Галоўныя падзеі Стакгольмскай канферэнцыі па БеларусіКіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, яе нам…

Галоўныя падзеі Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, яе намеснік Валер Кавалеўскі, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык і кіраўнік апарату Кабінета Валерый Мацкевіч завяршылі візіт у Швецыю.

Стакгольмская канферэнцыя стала найбольш прадстаўнічым міжнародным мерапрыемствам па Беларусі пасля 2020 года. Удзел у ёй узялі дыпламаты, палітыкі, актывісты, эксперты з больш чым 20 краін. Канферэнцыя была арганізаваная Стакгольмскім цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў па ініцыятыве МЗС Швецыі і Святланы Ціханоўскай.

Панэльныя дыскусіі канферэнцыі праводзіліся па наступных тэмах:

«Месца Беларусі ў Еўропе» – адным са спікераў стаў Валер Кавалеўскі;

«Беларуская культура і мова» – у абмеркаванні ўдзельнічала Аліна Коўшык;

«Палітычныя зняволеныя»;
«Новая беларуская эканоміка»;
«Пабудова трывалай дэмакратыі»;
«Інклюзіўная Беларусь»;
«Незалежная журналістыка»;
«Моладзевая перспектыва па Беларусі».

Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў канферэнцыі прыкладаць усе магчымыя высілкі, каб вызваліць палітзняволеных, а таксама падкрэсліла важнасць шматбаковай міжнароднай падтрымкі беларусаў. Яна адзначыла: праз інвестыцыі ў вольную Беларусь свет інвестуе ў мір і дэмакратыю.

На палях Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі таксама адбылася закрытая панэльная дыскусія «Пашырэнне правоў і магчымасцей беларускіх абаронцаў дэмакратыі» з удзелам дыпламатаў, чыноўнікаў і палітыкаў з ЗША і краін ЕС. «Вельмі важна заўсёды спалучаць санкцыі з дапамогай людзям», – звярнула ўвагу прысутных кіраўніца Кабінета ў сваім выступленні.

Паводле Ціханоўскай, дапамога павінна быць накіравана беларускім незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці, сем’ям рэпрэсіраваных, прафсаюзам, праваабаронцам і інстытутам дэмакратычных сіл. Беларуская лідарка заклікала фармалізаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

@CabinetBelarus