Выданне “Будзьма беларусамі” сабрала добрыя дакументальныя фільмы, якія было б карысна цяпер паглядзець — і менавіта таму іх наўрад ці пакажуць у Беларусі.
“Калі ж вы запытаецеся, нашто ж вам глядзець тое, што вы кожны дзень пражываеце і так, дык я паспрабую адказаць: а вось дзеля таго самага адчування, што аднойчы і такая навалач заканчваецца, і застаюцца ад яе адны толькі «пакаяльныя» відосікі ды аператыўная здымка.” – Марыя Касцюковіч
«Павярні сваё цела да сонца», 2021, рэж. Алёна ван дэр Хорст
«Павярні сваё цела да сонца», — раіў дачцэ былы савецкі салдат Другой сусветнай, ваеннапалонны, вязень ГУЛАГу, якога Сталін выкрасліў са свайго пераможнага міфу пра свяшчэнную вайну. Цяпер дачка, Сана Валіуліна, якая не ведала анічога з бацькавага мінулага, шукае яго ў нямецкіх кінахроніках, каб высветліць, пра што ж ён усё жыццё маўчаў.
«Бабін Яр. Кантэкст», 2020, рэж. Сяргей Лазніца
Што ж такое адбываецца з людзьмі, калі адны з іх пачынаюць лічыць іншых недастаткова людзьмі, а другія побач з імі спакойна жывуць жыццё, і ім нармальна.
«Дзяржаўнае пахаванне», 2019, рэж. Сяргей Лазніца
І калі вам карціць ведаць, што будуць рабіць пасля смерці дыктатара людзі, якіх ён зараз вядзе каго на смерць, каго на ганьбу, то ведайце: будуць плакаць. Раўці, галасіць, выць, губляць прытомнасць, давіць адно аднаго ў чэргах да труны. Гэта мы праходзілі ў 1953-м.
«1970», 2021, рэж. Томаш Вольскі
Сем з нечым тысяч куль, больш за чатырыста шумавых гранат, колькі дзясяткаў літраў слезацечнага газу — столькі зброі ўжылі польскія ўлады ў Гданьску і Гдыні ў 1970-м, каб падавіць пратэсты працоўных, з якіх пасля вырасла «Салідарнасць».
«Гарбачоў. Рай», 2020, рэж. Віталь Манскі
Кіно пра старэнькага Гарбачова, які жыве ў самоце ды займаецца бытам. Пра ягоную гістарычную адказнасць і асабістую віну.
«Звычайная краіна», 2020, рэж. Томаш Вольскі
Архіў будзёнага чэкісцкага жыцця лёг у аснову мантажнай стужкі пра зусім звычайную краіну, надта падобную на тую, у якой мы колькі гадоў жывем.
–