Яўген Вільскі.Чатыры гады ў Літве.Гэта велізарны кавалак жыцця, які прамільгнуў, як адзін дзень.19 с…

Яўген Вільскі.

Чатыры гады ў Літве.

Гэта велізарны кавалак жыцця, які прамільгнуў, як адзін дзень.

19 сакавіка 2021 года (за тыдзень да Дня Волі) за мной прыйшлі. Хоць я чакаў гэтага штодня, але ўсё роўна было нечакана. Вельмі ранні настойлівы званок у домафон. Усё зразумела. Поўная разгубленасць — не паспеў сысці, хоць і папярэджвалі, амаль безнадзейнасць. Выратавала жонка — “пендзелем” прывяла ў пачуццё.

Суе куртку і выціскае ў тамбур. Чую, як пачынае падымацца ліфт на мой 5-ы паверх. Выскакваю на лесвічную пляцоўку і нясуся на 10-ы. Там затаіўся. Пад’езд пусты і гулкі, ніводнага руху ці гуку.

Праз паўгадзіны чутны гучныя незадаволеныя галасы, і ліфт едзе ўніз. Жонка прыносіць вопратку і заплечнік з неабходным. Сусед з першага паверха праз балкон выпускае на другі бок дома. Не спешна іду да вугла суседняга будынка, а там старт у лес, на шчасце, усяго метраў сто. Але як хутка ногі нясуць!))

З гэтага пачынаецца амаль месячны шлях у Літву: праз дачы сяброў, кватэры ў Мінску, агляд за кожным мянтом і ўхіленне ад камер назірання.

25 сакавіка, у Дзень Волі, становіцца зразумела, што нічога ўжо не будзе, і трэба выязджаць.

Гэта асобная гісторыя, як наша кампанія пераплывала Дняпро ноччу, двойчы трапляла пад міліцэйскія праверкі і прычэпкі да дакументаў у аэрапорце Пецярбурга. Але… цуд здарыўся.

І 17 красавіка а 00:05 мы ў аэрапорце Вільнюса. Прайшлі праз будынак, адкрыліся дзверы, перад намі плошча, таксі і… ШОК! І ўсё? Ніхто нават не праверыць? Ідзі куды хочаш? Свабодная краіна.

І за гэта я ўдзячны Літве на ўсё жыццё. З краіны канцлагера, у якую пераўтварылася Беларусь, мы атрымалі магчымасць жыць у свабодным свеце. І гэта каштуе многа.