​​Ювелірны брэнд Belaruskicry прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Пацукам усё складаней і складане…

​​Ювелірны брэнд Belaruskicry прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Пацукам усё складаней і складаней чымсьці нас здзівіць, але яны стараюцца.

Усё да гэтага ішло: фарміраваннем могуць прызнаць каго і што заўгодна. Можа, пабачым яшчэ злачынныя тварожныя сыркі, ці сукенкі, ці пракат аўто. Цікава тут іншае: Belaruskicry заўсёды быў быццам па-за палітыкай: буслы, валошкі, ружы, літара “ў”, беларускія словы, элементы арнаменту, абрыс Беларусі… Такія сімвалы можна сустрэць нават на чырвона-зялёных мерапрыемствах.

Вядома ж, усе разумеюць, чаму cry, а не kraj, і чаму не проста Беларусь, а Беларусь са слязой. Журналісты і праваабаронцы ўжо ўзгадалі, як 160 гадоў таму жанчын каралі за чорныя ўпрыгожванні, бо гэта была жалоба па задушанным паўстанні, – чым не гістарычная аналогія.

Але, але. Беларусы за мяжой стварылі мноства маленькіх брэндаў  – упрыгожванняў, сувеніраў, значкоў, цішотак, кубкаў. І на іх, ведаеце, сцягі і “Жыве Беларусь”. Можа нават ШОС. Чаму ж выбралі Belaruskicry?

Нам здаецца, справа не ў прадукцыі брэнда. Справа ў тым, што ён паспяховы. Прапаганда гадамі, яшчэ з савецкіх часоў, вішчыць, што нідзе за межамі гэтак званай саюзнай дзяржавы беларусы непатрэбныя, а “збеглыя” сядзяць галодныя, чытаюць навіны пра даўгунец і зайздросцяць. “Экстрэмісцкія” смі час ад часу пішуць пра звычайных беларусаў, што жывуць за мяжой і працуюць і радуюцца: вось настаўніца адкрыла ўласную школу ў Грузіі, вось вясковы дзядзька распавядае пра працу трактарыстам у Латвіі, вось доктарка зарабіла за месяц у Польшчы 45 тыс $. Але прапагандысты зыходзяць з меркавання, што іх аўдыторыя гэтыя гісторыі поспеху не прачытае.

Але Belaruskicry ведаюць усе. Нават ябацькі, бо брэнд не пра палітыку. Крама ў Тбілісі, крама ў Варшаве. Іх упрыгожванні актыўна замаўлялі і ў Беларусі. Таленавітых беларусаў спачатку выціснулі з краіны, а потым помсцяць ім  – і не за актывізм, а за поспех! А беларусы ў Беларусі павінны ўвогуле баяцца замаўляць нешта ў беларусаў з-за мяжы.

Будуць яшчэ ідыёцкія законы і забароны, і новыя экстрэмісцкія фарміраванні, каб не заглухла машына рэпрэсій. Зараз срэбная Беларусь са слязінкай увайшла ў гісторыю, як чорныя ўпрыгожванні 160 гадоў таму. Але аднойчы яна перастане быць сімвалам смутку, і яе будуць насіць проста таму, што гэта прыгожа.

Беларусь будзе вольнай!
Жыве Беларусь!