Чысты Чацвер – дзень Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў Найсвятую Эўхарыстыю, або тайну Свай…

Чысты Чацвер – дзень Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў Найсвятую Эўхарыстыю, або тайну Свайго Цела і Крыві пад выглядам хлеба і віна. Вялікі Святар, Ён даў таксама вучням сваім, а праз іх іхнім наступнікам, святарскую моц прыносіць Эўхарыстычную ахвяру, калі загадаў ім рабіць тое самае на ўспамін пра Яго. Перад вячэраю Хрыстос памыў ногі сваім вучням. Бо Ён прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб паслужыць, і даў прыклад тым, што хочуць ісці следам за Ім: “Калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, рабілі і вы” (Ян. 13.14-15). Сярод вучняў, якім Хрыстос памыў ногі і якія бралі ўдзел у Вячэры, быў таксама Юда. У літургічных спевах гаворыцца, што ён, “маючы яшчэ ў вуснах Нябесны Хлеб, ужо рыхтаваў здраду Збавіцеля”. У гэты дзень, у адрозненне ад папярэдніх, служыцца поўная Літургія св. Васіля Вялікага ў спалучэнні з вячэрняй. Замест хэрувімскай песні спяваецца “Зрабі мяне сёння, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй тайнай вячэры”.