Фармальна рашэнне мы будзем прымаць у канцы жніўня на паседжанні Цэнтральнага камітэта. Ёсць пазіцыя прэзідыума, якая адпавядае пазіцыі кааліцыі, у якую мы ўваходзім, – Беларускага Нацыянальнага Кангрэса. Мы не лічым кампанію выбарамі, але павінны яе выкарыстаць для правядзення вулічных мерапрыемстваў. Легальную магчымасць агітацыі мы выкарыстаем напоўніцу, потым даведаецеся – як. Будзе цікава.
Нам важны геаграфічны ахоп Беларусі. Я аб’ехаў 15 гарадоў, сустракаўся з людзьмі ў памяшканнях – і то істотная колькасць людзей прыйшла. Зараз мы будзем выкарыстоўваць пікеты па зборы подпісаў, магчыма, агітацыйныя пікеты. Зарэгістраваным партыям добра: прагаласавалі за вылучаных людзей – і яны кандыдаты. У нас сітуацыя адваротная, але, мяркую, некалькі дзясяткаў чалавек вылучым.
Мы разлічваем на вялікую колькасць вулічных акцый у межах выбарчых працэдур па ўсёй Беларусі. Выбараў няма, але, ўлічваючы той факт, што ўсякая публічная актыўнасць прыбітая, мы скарыстаемся магчымасцямі, якія дае псеўдавыбарная кампанія. Каб людзі маглі прыйсці на пікет, на які прыеду я (я ўвайду ў ініцыятыўныя групы ўсіх нашых кандыдатаў), рассказаць пра свае сацыяльныя праблемы. Маладым хлопцам, якія падпадаюць пад дзеянне «закона аб адтэрміноўках», не даюць пратэставаць – калі ласка, мы дамо вам магчымасць сабрацца, быць убачанымі і пачутымі. Пікеты па зборы подпісаў – адзіная легальная магчымасць правесці акцыю, не пытаючыся дазволу ўладаў. Ёсць пералік забароненых месцаў, але дазволу пытацца не трэба.
Паглядзім, як будзем выкарыстоўваць перыяд, які афіцыйна завецца «агітацыяй». Працуе заяўляльны прынцып для агітацыйных пікетаў. Паводле закона могуць забараніць пікет у забароненым месцы, пералік якіх друкуецца, альбо калі ў гэтым месцы ў гэты ж час заяўлены пікет іншага кандыдата. Ужо ў сваёй інструкцыі спадарыня Ярмошына груба парушыла закон, заявіўшы, што будуць вызначаць дазволеныя месцы для агітацыйных пікетаў.
Я планую аб’ехаць 20 гарадоў і кожны раз загадзя будзем папярэджваць людзей.