Беларусы ўзялі ўдзел у адзначэнні 85-х угодкаў Катынскай трагедыіУ Польшчы ўшанавалі сумную дату — 8…

Беларусы ўзялі ўдзел у адзначэнні 85-х угодкаў Катынскай трагедыі

У Польшчы ўшанавалі сумную дату — 85-я ўгодкі Катынскай трагедыі. У гэтыя дні ў 1940 годзе, паводле загаду кіраўніцтва СССР і асабіста Сталіна, былі расстраляныя больш за 22 тысячы польскіх афіцэраў, якія трапілі ў савецкі палон увосень 1939 года пасля так званага вызвольнага паходу Чырвонай арміі. Сярод ахвяр было шмат мабілізаваных цывільных — інжынераў, лекараў, навукоўцаў. Сярод забітых былі і беларусы.

У Варшаве мерапрыемствы прайшлі ў Катынскім музеі. У іх узяў удзел прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён назваў катынскі расстрэл «крыклівым урокам гісторыі». Іншыя выступоўцы адзначылі, што гэта першая круглая дата, калі польскія дэлегацыі, у тым ліку нашчадкі забітых, не могуць наведаць месцы масавых расстрэлаў у Катыні і Медным праз вайну Расеі супраць Украіны. Яны параўналі кулі катаў з НКВД з бомбамі, якімі Крэмль сёння забівае ўкраінскіх мірных грамадзян і дзяцей.

На ўрачыстасці былі запрошаныя і прадстаўнікі беларускіх арганізацый — Беларускага інстытута публічнай гісторыі, Музея Вольнай Беларусі, Асацыяцыі палітычных вязняў «Да Волі». Яны ўсклалі кветкі з бчб стужкай да сімвалічнага «беларускага катынскага спісу» — эпітафіі, на якой меліся быць імёны расстраляных, верагодна, у Курапатах. У адрозненне ад расейскага і ўкраінскага, беларускі спіс па сённяшні дзень застаецца пустым. Беларускія ўлады адмаўляюць яго наяўнасць.

Таксама беларусы пакінулі запісы ў кнізе наведвальнікаў музея. Адзін з іх нагадвае: «Беларускі катынскі спіс мусіць быць адкрыты».