Адным парадкам ішло лясное жыцьцё, учыняліся дывэрсіі, здабываўся харч і слаліся справаздачы на „большую землю“, у Маскву. Таксама адным парадкам зьнішчаліся нацыянальныя школы, што ўзьніклі пад нямецкай акупацыяй, грамадзкія арганізацыі і ўсё іншае, што было пад корань высечана за саветамі, а цяпер ажыло.
Аляхновіч у Вільні быў адным са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэту, які хадайнічаў перад немцамі пра вызваленьне з турмаў невінаватых людзей. Вызваляць удавалася, і гэтай справе адводзіўся асноўны час.
Затое востра цікавілі беларускія культурныя справы цэнтральны штаб партызанскага руху і асабіста яго начальніка Панцеляймона Панамарэнку. Яшчэ ў 1938-м, заступіўшы на пасаду кіраўніка БССР, гэты краснадарскі казак з галавой узяўся вынішчаць усё беларускае, якое для яго было — „нацыянал-фашысцкае“. Толькі, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, каб абразіць беларушчыну, ён ужываў перакрыўленае беларускае слова „щирые“, а не „сьвядомыя“.
У Менску савецкія партызаны проста ў рэдакцыі „Беларускай газэты“ забіваюць яе рэдактара Ўладзіслава Казлоўскага. У Вільні, не прайшло і паўгода, савецкія партызаны забіваюць рэдактара „Беларускага голасу“ Францішка Аляхновіча.
https://www.svaboda.org/a/32843778.html
3 сакавіка 1944 году, 80 гадоў таму, у Вільні ва ўласнай кватэры на вуліцы Ясінскага быў забіты беларускі драматург, пісьменьнік, артыст, тэатральны рэжысэр, тэатразнаўца, рэдактар і выдавец, грамадзкі дзяяч Францішак Аляхновіч.