Заўсёды радуйцеся ў Госпадзе Апостал наказвае нам радавацца ў Госпадзе, а не гэтаму свету. «Калі нех…

Заўсёды радуйцеся ў Госпадзе

Апостал наказвае нам радавацца ў Госпадзе, а не гэтаму свету. «Калі нехта хоча быць сябрам свету, – як кажа Святое Пісанне, – ён становіцца ворагам Бога» (Як 4, 4). Як ніхто не можа служыць двум гаспадрам, так ніхто не можа радавацца свету і Госпаду.

Таму няхай перамагае радасць у Госпадзе, пакуль не спыніцца радасць з гэтага свету. Няхай заўсёды павялічваецца радасць у Госпадзе, а радасць гэтаму свету няхай памяншаецца, пакуль не знікне. Гэта азначае не тое, што, жывучы на свеце, мы не павінны радавацца, але каб мы, нават будучы ў гэтым свеце, ужо радаваліся Госпаду.

Нехта можа сказаць: «Я ў свеце, а значыць радуюся там, дзе жыву». Дык што ж? Калі мы ў свеце, дык ужо не ў Госпадзе? Паслухаем, што ў Дзеях Апосталаў св. Павел кажа пра Бога і Госпада, Стварыцеля нашага: «У Ім мы жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 28). Дык ці ёсць месца, дзе б не было Таго, Хто існуе паўсюль? Ці ж ні пра гэта нагадвае святы Павел, кажучы: «Госпад блізка. Ні пра што не турбуйцеся» (Флп 4, 5-6).

Гэта вялікая справа: Той, Хто ўзыходзіць на нябёсы, адначасова застаецца блізкім да тых, хто жыве на зямлі. А хто ж Той далёкі і блізкі, калі не Той, Хто з міласэрнасці стаў блізкім да нас?

Увесь людскі род – гэта чалавек, які паўжывы ляжыць пры дарозе, кінуты злодзеямі, якога абмінулі святары і левіты. Але аб ім адразу ж паклапаціўся і ўратаваў яго самаранін, які праходзіў міма. Паколькі несмяротны і справядлівы Госпад быў далёка ад нас, смяротных і грэшных, Ён сам сышоў да нас, каб той далёкі стаў блізкім.

«Не паступае з намі паводле грахоў нашых» (Пс 103, 10), бо мы Яго дзеці. Адкуль такая ўпэўненасць? Таму Адзінародны памёр за нас, каб не застацца адным. Той, Хто памёр за нас, не хацеў быць адным. Адзін Сын Божы ўчыніў многіх Божымі дзецьмі. Ён набыў сабе братоў за ўласную кроў; прыняў, хоць Сам быў адрынуты; купіў, хоць Сам быў прададзены; праславіў, хоць Сам быў зняслаўлены; ажывіў, хоць Сам быў забіты.

Таму, браты, «радуйцеся ў Госпадзе», але не свету. Гэта значыць радуйцеся праўдзе, а не беззаконню; радуйцеся ў вечнай надзеі, а не квецені марнасці. Так радуйцеся, а дзе б і колькі вы ні былі, «Госпад блізка. Ні пра што не турбуйцеся».

Св. Аўгустын