Грэцыя: частка гістарычных манастыроў на гары Афон пашкоджанаЯк паведаміла ў сераду Міністэрства кул…

Грэцыя: частка гістарычных манастыроў на гары Афон пашкоджана

Як паведаміла ў сераду Міністэрства культуры Грэцыі, у выніку землятрусу, які адбыўся ў мінулыя выходныя, пашкоджаны прынамсі тры гістарычныя манастыры на гары Афон на поўначы краіны.

Падводны землятрус магнітудай 5,3 выклікаў пашкоджанні ў манастырах Ксенафонт і Дахіяр, заснаваных у X ст., а таксама ў манастыры Сіманапетра, заснаваным у XIV ст.

Значныя расколіны былі заўважаныя на купале царквы на тэрыторыі манастыра Ксенафонт. Далейшыя пашкоджанні таксама назіраюцца на фрэсках, якія ўжо пацярпелі ад землятрусу ў лютым.

Падобныя пашкоджанні адбыліся ў манастыры Дахіяр, меншыя былі зафіксаваныя ў манастыры Сіманапетра.

«Група грэчаскіх археолагаў і рэстаўратараў праверыць, ці не адбылося іншых пашкоджанняў», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства культуры.

Супольнасць гары Афон у грэчаскай Македоніі ўтвараюць 20 манастыроў, заселеных на працягу многіх стагоддзяў. Яна мае статус аўтаномнага раёна.