Сітуацыя пачала змяняцца з 1606 г., калі пасля сарванага Сойму незадаволенасць польскай шляхты каралём выліваецца ў паўстанне – рокаш Зебжыдоўскага (1606-1609), да якога далучаюцца праваслаўныя з надзеяй дамагчыся ліквідацыі уніі.
6 жніўня 1606 г. пад Сандомежам збіраецца трэці рокашавы з’езд, на якім складаюцца артыкулы з патрабаваннямі да караля. Былі выстаўлены патрабаванні ліквідацыі Берасцейскай уніі, зняцця біскупаў, якія прынялі унію, і іншыя, якія кароль адхіліў на падставе таго, што іх можа вырашаць толькі Сойм.
Аднак ва ўмовах пагрозы рокашу Жыгімонт III быў вымушаны пайсці на кампраміс з нез’яднанымі, каб забяспечыць іх лаяльнасць. З яго падачы на Сойме 1607 г. было вызнана існаванне ў дзяржаве грэцкай рэлігіі, права прыналежных да яе мець царкоўную маёмасць і зацверджаныя статуты праваслаўных брацтваў. Аднак невыразныя фармуліроўкі рабілі спрэчным тое, каго трэба было разумець пад асобамі «даўняй грэцкай рэлігіі» . Абодва бакі трактавалі гэты выраз на сваю карысць, і непаразуменні працягваліся.