Апосталы верылі, што Ісус гэта Богам пасланы Месія, і гэтую веру публічна вызнавалі вуснамі апостал…

Апосталы верылі, што Ісус гэта Богам пасланы Месія, і гэтую веру публічна вызнавалі вуснамі апостала Пятра, аднак усё ж іх вера не была ўмацаваная. Хрыстос хоча ўмацаваць іх веру надзвычайным актам. Таму праз некалькі дзён пасля таго, як прадказаў ім Свае мукі і смерць, Ён бярэ з Сабою Пятра, Якуба і Яна, выходзіць з імі на гару і там на малітве прыадчыняе перад імі праменьчык Свайго боства.

Святы евангеліст Мацвей пра цудоўнае Хрыстовае Перамяненне піша: «І перамяніўся перад імі: і заззяў твар Ягоны, як сонца, а вопратка Ягоная зрабілася белая, як святло» (Мц. 17, 2). Каля Хрыста з’явіліся старазапаветныя прарокі Майсей і Ілля і гутарылі з Ім аб Яго смерці. Апостал Пётр, захоплены бляскам Хрыстовай славы, усклікае: “Госпадзе, добра нам тут быць!” Зрэшты, як пры Хрыстовым хрышчэнні ў Ярдане, так і тут пачулі голас з неба: «Гэты Сын Мой Умілаваны, у Якім Маё ўпадабанне; Яго слухайце» (Мц. 17, 5). Святое Евангелле нічога не гаворыць аб месцы Хрыстовага Перамянення. Але хрысціянская традыцыя з IV ст. прымае, што тым месцам была гара Табор.

Чаму Ісус Хрыстос толькі тром вышэйназваным вучням паказаў славу Свайго боства? На думку св. Яна Дамаскіна, Хрыстос узяў з сабой Пятра, каб той, хто публічна вызнаў Хрыстова боства, пачуў пацвярджэнне свайго вызнання і ад Нябеснага Айца. Госпад узяў на Табор Якуба, таму што той павінен быў быць першым біскупам Ерусаліма і першым з апосталаў павінен быў аддаць сваё жыццё за Хрыста. Нарэшце Збавіцель зрабіў сведкам Свайго перамянення і апостала Яна, бо ён быў Яго любімым вучнем і нявіннікам. Евангеліст Ян, усвядоміўшы Хрыстова боства на Таборы, пасля ў сваім Евангеллі пісаў: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог» (Ян. 1, 1).

Усе тры апосталы, сведкі Хрыстовай славы на Таборы, будуць пасля сведкамі і Яго агоніі на Аліўнай гары. Як глыбока Хрыстова перамяненне запісалася ў іх сэрцах, відаць з таго, што яны пісалі пра яго праз шмат год. Ап. Пётр у Другім пасланні веру ў Хрыста змацоўвае напамінам пра Яго слаўнае Перамяненне, кажучы, што яны былі «відавочцамі Яго велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад цудоўнай славы прынёсся да Яго такі голас: Гэты ёсць Сын Мой умілаваны, у Якім Маё ўпадабанне. І гэты голас, які данёсся з нябёсаў, мы чулі, будучы з Ім на святой гары» (2 Пт. 1, 16-18). А святы евангеліст Ян з захапленнем напіша ў сваім Евангеллі: «І мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца» (Ян. 1, 14).