Евангеліст Лука пачынае свой аповед пра нараджэнне Збаўцы са згадкі пра адну гістарычную падзею: «У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі» (Лк. 2, 1). Здавалася б, гэтая інфармацыя толькі дапамагае лепш убачыць кантэкст Божага Нараджэння, але насамрэч — і зразумець усю яго глыбінную сутнасць.
Таму што ў той час, калі зямны ўладар – рымскі цэзар – пачынае працэс перапісу насельніцтва краіны і маёмасці, якой валодаюць яго людзі, каб за кошт павелічэння падаткаў яшчэ больш узбагаціцца за іх кошт, Уладар Сусвету, Госпад неба і зямлі сыходзіць з нябеснага трона славы на грэшную зямлю, становячыся дзеля нас убогім, каб мы праз гэтае Ягонае збядненне сталі багатымі ў Богу: “Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.” (2 Кар. 8, 9)
Італьянскі прапаведнік дон Франка Мастраланарда заўважае: «Раство — гэта цудоўны абмен дарамі паміж багатым, які мае ўсё, і бедным, якому ўсяго бракуе. Ісус – багаты, а мы – убогія. І ўсё ж на Раство Ён убогі, а мы – багатыя. Раство — гэта такі таямнічы парадокс».
Кожны, хто набліжаецца да Бога, становіцца ўдзельнікам гэтага евангельскага парадоксу: аддае Богу ў Хрысце Ісусе тое, што чалавечае, а ўзамен атрымлівае ад Хрыста тое, што Божае. Ён аддае Богу сваю слабасць, немач, кволасць, свае правіны, памылкі, грахі, а атрымлівае Божую міласэрнасць, прабачэнне, любоў і паўнату жыцця. Які таямнічы і цудоўны абмен! І ўсё гэта — дар Божага Нараджэння!
А ўжо найвялікшым Божым дарам для чалавека з’яўляецца Ён сам, Які аддае Сябе чалавеку, Які аддае Сябе на смерць замест чалавека, каб той мог жыць вечна. Атрымаўшы гэты дар, чалавек не жадае больш нічога. Гэта добра разумелі ўсе Святыя. Так, напрыклад, св. Тэрэза Авільская любіла паўтараць: «Дастаткова самога Бога!» Св. Павел, спазнаўшы глыбіню “багацця і мудрасці, і пазнання Бога” (Рым. 11, 33), пачаў лічыць усё ў гэтым свеце смеццем і гатовы быў усё страціць, “каб набыць Хрыста” (гл. Флп. 3:8 ). Такое глыбокае разуменне каштоўнасці духоўнага жыцця і сяброўства з Хрыстом з’яўляецца вынікам глыбокага навяртання, якое так ці інакш перажылі ўсе святыя.
Жыціе св. Тэрэзы з Лізьё, таксама вядомай як св. Тэрэза ад Дзіцятка Ісуса, апавядае пра яе досвед такога “поўнага навяртання”, якое адбылося як раз у ноч Божага Нараджэння ў 1886 г. Калі бацька заўважыў, як пасля вяртання з каляднай начной Імшы 13-гадовая Тэрэза бегла па калядны падарунак з «зачараванага туфліка», ён меў неасцярожнасць сказаць: «Добра! На шчасце, гэта ўжо апошні год!» Тэрэза пачула гэтую бацькоўскую фразу, якая ўразіла яе. Ёй было вельмі балюча, але праз імгненне твар дзяўчыны прасвятліўся і на ім замест смутку заззяла шчырая ўсмешка. Пазней яна назаве гэты момант «цудам ласкі». Дзяўчынка, якая заўсёды была «маленькай прынцэсай у доме», імгненна падарослела, перш за ўсё – духоўна: «Я адчула вялікае жаданне працаваць для навяртання грэшнікаў, жаданне, якога ніколі раней не адчувала так моцна […] Я адчувала, што міласэрная любоў Бога ўвайшла ў маё сэрца разам з патрэбаю забываць пра саму сябе, каб дагаджаць іншым, і з гэтага моманту я была шчасліваю!.. У тую ноч, у якую Ісус стаў слабым і пакутным з любові да мяне, Ён зрабіў мяне моцнай і адважнай…»
Малітва. Госпадзе мой і Божа, адвечная Крыніца багацця і паўнаты жыцця! Да Тваіх ног складаю ўсё маё жыццё, аддаюся Табе. Стаю перад Табою з пустымі рукамі і адкрытым сэрцам. Прыйдзі да мяне, Госпадзе і Божа, і адары мяне Сабою, бо, маючы Цябе, я больш ні ў чым не буду адчуваць патрэбы. Таму што я цвёрда веру, што ў Табе і праз Цябе Нябесны Айцец узбагаціць мяне сваімі шчодрымі дарамі тут, на зямлі, і калісьці ў вечнасці. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах