Нікому са слабых не будзе адмоўлена ўдзельнічаць у перамозе крыжа, няма таксама нікога, каго б не падтрымала малітва Хрыста. Калі яна была карыснай многім Яго лютым пераследнікам, дык наколькі ж больш дапаможа тым, хто да Яго вяртаецца.
Хрысціянскі народ атрымаў запрашэнне да ўдзелу ў райскім багацці, а ўсе адроджаныя могуць вярнуцца да страчанай айчыны, калі толькі нехта сам не закрые сабе шлях, які можа адкрыць нават вера злодзея.
Таму няхай справы гэтага жыцця не паглынаюць нас празмерна і не перашкаджаюць нам шчырым сэрцам імкнуцца стаць падобнымі да нашага Адкупіцеля. Ён зрабіў і сцярпеў усё дзеля нашага збаўлення, каб моц, якую мае Галава, перадалася таксама целу.
Хіба ж тое вядомае прыняцце Богам нашай сутнасці, калі «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14), пазбавіла, за выключэннем няверных, хоць аднаго чалавека Божай міласэрнасці? Хто ж будзе пазбаўлены супольнасці з Хрыстом, калі прыме Таго, Хто Сам прымае яго; і адродзіцца ад таго ж Духа, ад якога быў народжаны Ісус? Хто ж не ўбачыць у Ім свае слабасці? Хто не заўважыць, што прыняцце ежы, сон, засмучанасць клопатамі, слёзы спачування былі ў Ім праявамі нашай слабой прыроды?
Каб вылечыць яе ад старых ран і ачысціць ад бруду граху, Адзінародны Сын Божы стаў таксама Сынам Чалавечым, каб не быць пазбаўленым нічога з сапраўднай чалавечай прыроды і паўнаты боскасці.
Гэта нашае мёртвае цела ляжала ў магіле, а на трэці дзень уваскрэсла, каб падняцца па-над усякія нябесныя высі і сесці праваруч Айца. Калі мы пойдзем шляхам Ягоных наказаў і калі не будзем саромецца вызнаваць тое, што Ён зрабіў у пакоры нашага прыніжанага цела дзеля збаўлення, тады мы таксама ўзнясёмся да ўдзелу ў Ягонай хвале. Ён відавочна здзейсніць тое, што абяцаў: «Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў нябёсах» (Мц 10, 32).
Св. Лявон Вялікі