Ой дай, Божанька, ды здаровейкаКаб яшчэ палятала,Птушкай-жаўранкам ды над родненькімКраем песні спяв…

Ой дай, Божанька, ды здаровейка
Каб яшчэ палятала,
Птушкай-жаўранкам ды над родненькім

Краем песні спявала.
Над валошкавым ды рамонкавым
Сінявока-бялявым
Краем, любай маёй старонкаю,

Што авеяна славай.
Трапяткой уздымуся птушачкай,
Надзіўлюся ўволю
Ды як ветрыкі ніву гушкаюць

На ўраджайную долю,
Ды як рэчанькі ўюцца стужкамі
Між лугоў траўна-спелых.
Каб я вернаю быць дачушкаю
Свайго краю ўмела!

І адвечную, і што сённейка
Пелі славу старонцы
Беларускае – маці родненькай
Пад яе небам, сонцам.

Дай жа, Божанька, ды людцам усім –
Краю роднага дзецям,
Каб жа дзеткамі сапраўды былі
Найудзячнымі ў свеце.

Свайго краю, сваёй староначкі –
Кроўна-роднае маці.
Птушкай вольнаю, жавароначкам,
Каб і мне ёй спяваці.

ВАЛЯНЦІНА ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ