Тое, як мы паводзім сябе падчас Літургіі, мае вельмі важнае сімвалічнае і нават багаслоўскае значэнне.
Знак святога крыжа. З дзяцінства кожны з нас накладае яго на сябе і выражае ім сваю веру. У ім мы вызнаем прынамсі дзве важныя праўды: веру ў Айца, Сына і Святога Духа, а таксама веру ў пасхальнае таінства — смерць і ўваскрасенне Хрыста, Якім мы збаўлены.
Стаянне – адна з важных пастаў падчас богаслужэння, з якой звязаны шматлікія дыскусіі (ці трэба стаяць, ці можна і колькі сядзець і г.д.). Тут важна разумець, што стаянне мае важны сімвалічны аспект і выражае нашу веру ва ўваскрасенне Хрыста і наш удзел у ім, нашу годнасць як збаўленых і абноўленых дзяцей Божых. Менавіта таму мы прыступаем да Прычасця стоячы. Менавіта таму перад важнымі часткамі Літургіі святар прамаўляе: «Мудрасць, устаньце».
Паклон або кленчанне — гэта супрацьлеглая стаянню пастава, у якой мы таксама выражаем праўду аб нашым хрысціянскім жыцці — нашай грахоўнасці. Вызнаем тое, што залежым ад Бога і маем патрэбу ў Яго дапамозе, выказваем сваю пакору перад Ім. Укленчваючы або кланяючыся, мы выказваем сваю пакору, а калі ўстаём, нагадваем сабе пра збаўчае дзеянне Бога, якое вызваляе нас ад нашых грахоў і правінаў.
Сядзенне таксама з’яўляецца важнай паставай, якая мае два аспекты: гэта пастава таго, хто навучае (біскуп, святар), або таго, хто слухае (вучань). Таму падчас чытання Святога Пісання або пропаведзі святара мы можам сядзець.
Цалаванне святых рэчаў (Святога Евангелля, крыжа, т.зв. пацалунак міру падчас Літургіі), праз якія мы выражаем сваю любоў і пашану да Бога, адзін да аднаго і да тых святых рэчаў, якія сімвалічна Яго прадстаўляюць.
Яшчэ адзін жэст, які захаваўся сёння толькі для свяшчэннаслужыцеляў, — гэта ўздыманне рук (падчас Херувімскай песні, малітвы «Ойча наш»), якое сімвалізуе ўзнясенне нашай супольнай малітвы да Бога.
Такім чынам, варта разумець і памятаць, што нашы паводзіны падчас богаслужэнняў, нашы жэсты і паставы цела не з’яўляюцца незразумелымі рытуальнымі прадпісаннямі, дзеяннямі, якія мы па нейкіх прычынах вымушаныя рабіць. Яны дапамагаюць нам глыбей спазнаць нашу Літургію і наша хрысціянства.
Максім Тымо