Святлана Ціханоўская — да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў«Сёння я хачу ўзгадаць тых, чы…

Святлана Ціханоўская — да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў

«Сёння я хачу ўзгадаць тых, чыё права на годнае жыццё патрабуе асаблівай увагі і абароны. Міжнародны дзень барацьбы за правы людзей з інваліднасцю — гэта нагода, што нашая супольнасць мусіць быць справядлівай і роўнай для ўсіх, без выключэнняў.

У Беларусі жыве больш за 560 тысячаў людзей з інваліднасцю. Але праблемы гэтых людзей часта застаюцца нябачнымі. Бар’еры існуюць не толькі на вуліцах — яны прысутнічаюць у законах, у адукацыі, у медыцынскай сістэме, на рынку працы.

Людзям з СМА больш за два гады не ўсталёўваюць аўтаматычны пад’ёмнік у пад’ездзе. Бацькам, якія даглядаюць дарослага сына з інваліднасцю, адмяняюць пенсію, бо ён не можа падпісаць дакументы аб непрацаздольнасці. Рэабілітацыйных дзяржаўных праграмаў для людзей, старэйшых за 18 гадоў, амаль не існуе.

Асабліва балюча, калі людзі з інваліднасцю становяцца ахвярамі рэпрэсіяў. Асуджаным не аказваецца належная медычная дапамога. Адсутнасць элементарных умоваў утрымання для Ігара Ледніка і Мікалая Клімовіча прывяла да трагічных смерцяў. Гэта вынік існавання сістэмы, у якой чалавечае жыццё не мае каштоўнасці. Як і закрыццё Офіса па правах людзей з інваліднасцю — арганізацыі, якая дапамагала тым, каму не дапамагае дзяржава. Сённяшняя «ўлада» не бачыць у гэтых людзях роўных грамадзянаў.

Але я ведаю: Беларусь магчыма змяніць да лепшага. Мы імкнёмся да будучыні, дзе кожны чалавек будзе мець права і магчымасць вучыцца, працаваць, удзельнічаць у грамадскім жыцці і атрымліваць якасную дапамогу. Апошнія гады паказалі — мы не той народ, што заплюшчыць вочы на патрэбы іншых. Мы тыя, хто адчыняе дзверы, дапамагае з цяжкімі пакетамі, саступае месцы ў транспарце, стварае пляцоўкі падтрымкі, вучыць суперажываць і дзейнічаць. Мы ўжо разам будуем Беларусь, у якой ніхто не будзе забыты. Таму што сапраўдная каштоўнасць краіны — у яе людзях. Ва ўсіх людзях без выключэння».

Калі ў вас ёсць магчымасць і гэта для вас бяспечна — падтрымайце дабрачынны збор да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў.