Новы ўздым актыўнасці ўніятаў у асветніцкай сферы адбываўся ў канцы XVII ст.– распачалі працу Барунская школа і Супрасльская друкарня. Але і ён быў прыпынены чарговым ліхалеццем – Паўночнай вайной. Уніяцкае школьніцтва адрадзілася толькі пасля Замойскага сабора 1720 г. дзякуючы адукацыйнай палітыцы мітрапаліта Льва Кішкі (1714‑1728) і яго наступнікаў.
Адукацыйныя пытанні занялі важнае месца на Замойскім царкоўным саборы 1720 г. Ён пастанавіў людзей неадукаваных у духоўнае званне не прымаць, на пасады не прызначаць, паству ім не давяраць і абавязаў епіскапаў, па магчымасці, заснаваць у кожнай епархіі семінарыю.
Пасля 1773 г. адбыліся істотныя змены ў адукацыйнай дзейнасці базыльян. Паўплывалі два фактары: скасаванне ордэна езуітаў і стварэнне Адукацыйнай камісіі – абодва ў 1773 г. Базыльяне імкнуліся стаць спадкаемцамі адукацыйнай сістэмы езуітаў і пасля касацыі ордэна занялі і яго месца ў сферы адукацыі. Ім былі перададзены езуіцкія школы ў Брэсце, Мінску, Наваградку, Гродне, Пінску, Вільні, Браславе, Дубне, Полацку і інш., пасля чаго базыльянскае школьніцтва заняло бачнае месца ў Беларусі, ці не самае прадстаўнічае для апошняй чвэрці ХVІІІ ст. Колькасць базыльянскіх школ хутка павялічвалася.
На хвалі Асветніцтва і дзейнасці Адукацыйнай камісіі (1773‑1794) – першага ў Еўропе “міністэрства” асветы – базыльяне пакрылі беларускія землі разгалінаванай сеткай рознатыповых навучальных устаноў: ад пачатковых школ да філасофска-тэалагічных студый.
У 1770–1790‑я г. сярэднія школы (вучылішчы) працавалі пры базыльянскіх манастырах у Беразвеччы, Брэсце, Барунах, Вільні, Вярбілаве, Жыровіцах, Лядах, Паддубісе, Талачыне. Пры гэтым вучылішчы ў Барунах, Беразвеччы і Жыровіцах мелі свецкі характар і рыхтавалі моладзь да грамадзянскай дзяржаўнай службы. Навучальныя ўстановы павышанага тыпу, дзе базыльяне ўдасканальваліся ў філасофіі, тэалогіі, рыторыцы, дзейнічалі ў Антопалі, Быцені, Вільні, Свержані, Таракані, Нясвіжы, Лыскаве, Любяшове, Жыровіцах, Віцебску, Полацку.
Святлана Марозава, доктар гістарычных навук