11.07.2023 г быў забіты Алесь Пушкін.Шмат добрых слоў напісана і сказана, а мы ўзгадаем стары верш…
Шмат добрых слоў напісана і сказана, а мы ўзгадаем стары верш Анатоля Вярцінскага.
Дзівак чалавек… 
Глядзіць на расінку макавую,
а цэлае сонца 
бачыць перад сабой. 
Дзівак чалавек… 
Бярэ звычайную ракавіну 
і чуе ў ёй акіянскі прыбой. 
Дзівак чалавек… 
Бачыць сцяжынку гладкую, 
а марыць аб трудных, 
цярністых шляхах 
з іх круцізною,
з іх небяспечнай загадкаю 
і будзе ісці, 
пакуль мае сілу ў нагах. 
Дзівак чалавек… 
Са стратаю непапраўнаю 
не мірыцца ён ні за што ў душы. 
3 няпраўдай не мірыцца,
і з крыўднаю праўдаю 
не хоча мірыцца — 
хоць кол ты на ім чашы. 
Дзівак чалавек…
Яму шмат чаго адмовілі. 
А ён не здаецца, 
а ён не спіць па начах. 
Ён верыць усё
ў свой перпетуум-мобіле, 
у панацэю, 
у цудадзейны рычаг. 
Дзівак чалавек… 
Яму — Хірасіму, Асвенцім, 
яму, замест імя, — 
асвенцімскае таўро. 
А ён паўтарае, 
што ёсць дабро на свеце, 
што будзе дабро 
і што пераможа дабро. 
Дзівак чалавек… 
Не можа не спадзявацца, 
не можа не верыць, 
не можа ніяк! 
Дзівак чалавек…
I гэта яго дзівацтва — 
ратунак яго, 
яго чалавечы знак. 
Не ўсе маюць чалавечы знак, і не ўсе здольныя захаваць яго. Але хто захаваў – той будзе сапраўды шчаслівым чалавекам.
Шчаслівым ён быў, а яшчэ – аптымістычным і энэргічным, а яшчэ – таленавітым, а яшчэ – смелым, і ў мастацтве, і ў жыцці. Ён верыў, што ўбачыць волю і ўбачыць Беларусь вольнай, і нават маляваў, як пройдзе святкаванне. На жаль, не ўбачыць.
Яго карціны – як беларусы: блукаюць па розных краінах, ці ціха жывуць, схаваныя на Радзіме. Але прыйдзе іх час. Алесь не вернецца, а карціны вернуцца ў свабодную Беларусь. І сур’ёзныя працы, і турэмныя малюнкі. Збяруцца разам, як родзічы ці старыя сябры, каб зладзіць самую дзіўную і вясёлую выставу. Выставу, падобную да святкавання, якое ён уяўляў. Беларусь адсвяткуе жыццё і талент свайго героя.
Вечная памяць мастаку.
Жыве Беларусь!