Пачынаецца гэты спіс, вядома ж, з самой кнігі Евангелля. У ёй змешчаны Евангеллі паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна, якія падзелены на т. зв. зачалы пэўнымі ўрыўкамі, якія царкоўны ўстаў прадпісвае чытаць на богаслужэнні ў адпаведныя літургічныя дні. У сувязі са сваёй выключнай важнасцю кніга Евангелля заўсёды ляжыць на прастоле або на аналоі (калі з яе чытаецца адпаведны ўрывак).
Апостал — кніга, якая змяшчае Дзеі святых апосталаў, пасланні ап. Паўла, а таксама Саборныя пасланні. Гэтая кніга таксама падзелена на адпаведныя зачалы.
Цяжка ўявіць нашы богаслужэнні без Псалтыра — кнігі, якая змяшчае 150 псалмоў, падзеленых на 20 катызмаў (ад грэч. слова “сядзець”, таму што падчас чытання псалмоў на богаслужэнні дазваляецца сядзець).
Тэксты Боскіх Літургій знаходзяцца ў Службоўніку. Тут прадстаўлены і тэксты малітваў святара, і тых, якія спяваюць вернікі, а таксама ўсе неабходныя прадпісанні — рубрыкі — што і калі павінен здзяйсняць святар на Літургіі.
Калі Літургію ўзначальвае архірэй, выкарыстоўваецца адпаведная кніга — Архіератыкон — з усімі тэкстамі выключна для архірэйскага служэння.
Часаслоў – гэта кніга для штодзённай Літургічнай малітвы, якая ўключае ў сябе богаслужэнні сутачнага кола – вячэрні, ютрані, гадзінаў, павячэрніцы, паўночніцы і абедніцы. Вельмі часта часаслоў мае дадаткі – трапары, месяцаслоў ці іншыя малітоўныя тэксты.
Варта падкрэсліць, што ў Часаслове ўтрымліваюцца нязменныя тэксты, гэта значыць тыя, што ніколі не змяняюцца. Калі ж мы хочам дадаваць да богаслужэнняў малітвы – трэба звяртацца да іншых кніг. Перш за ўсё да Актоіха, які змяшчае зменныя часткі (вершапесні, каноны, трапары) для адпаведных службаў сутачнага кола. Актоіх складзены паводле прынцыпу васьмі тонаў (галасоў), адсюль і назва кнігі; у царкоўнаславянскай мове гэтую кнігу часта называюць васьмігалоснікам. Калі вам трэба знайсці зменныя тэксты для вячэрні ці ютрані, вам трэба ведаць, на які тон і ў які дзень тыдня трэба шукаць тэксты.
Наступнай важнай кнігай з’яўляецца Мінэя, якая змяшчае тэксты на кожны дзень літургічнага года, для службаў святых і службаў свята. У ідэале Мінея складаецца з 12 частак, паколькі ў годзе 12 месяцаў. Але існуюць і іншыя віды Мінэяў, у прыватнасці Выбраная Мінэя, або Святочная Мінея (якая змяшчае толькі святочныя службы) або Агульная Мінея (змяшчае толькі агульныя службы для розных катэгорый святых).
Калі нам трэба знайсці зменныя тэксты для богаслужэнняў перыяду Вялікага посту, Вялікага тыдня або Велікоднага перыяду, то мы павінны звярнуцца да кнігі пад назвай Трыёдзь (Трыёдзь Посная або Кветная, адпаведна).
Як вядома, усе богаслужэнні ў нашым абрадзе звяршаюцца ў спеве. Таму існуе асобная богаслужэбная кніга — Ірмалагіён, — у якой можна знайсці наспевы для адмысловых вершапесняў, ірмасаў або трапароў літургічнага года.
У заключэнне варта згадаць яшчэ і кнігу, якая дакладна рэгламентуе, што, калі і як спяваць – гэта Тыпікон (або проста Тыпік або Царкоўны ўстаў), дзе падрабязна тлумачыцца, як спалучаць асобныя часткі богаслужэнняў у адпаведны дзень года.