У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэта быў першы рашучы крок на шляху да здабыцця сапраўднай незалежнасці.
Дэкларацыя вызначала поўны дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны. Згодна з ёй Беларусь станавілася прававой дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу».
Сілу канстытуцыйнага закона дэкларацыя набыла толькі праз год — 25 жніўня 1991 г. А ўжо ў канцы таго года ў беларускіх Віскулях кіраўнікамі Беларусі, Украіны і Расіі была дэнансавана дамова 1922 г. аб утварэнні СССР. Былыя саюзныя рэспублікі пайшлі кожная сваім шляхам.
Адметна, што ў першыя гады пасля атрымання самастойнасці менавіта 27 ліпеня святкаваўся ў Беларусі на дзяржаўным узроўні Дзень незалежнасці. Хаця многім такі падыход не надта падабаўся. Прапаноўваліся даты 25 сакавіка і 25 жніўня.