1,5 гадзіны катаваньня? Чым? – запытаеце вы. Не змагу стоадсоткава адпавесьці: “рускім светам”. Бо г…

1,5 гадзіны катаваньня? Чым? – запытаеце вы. Не змагу стоадсоткава адпавесьці: “рускім светам”. Бо гэта не агрэсіўны рускі свет (за расею, за лукашэнку). Гэта пасіўныя наступствы гэтага рускага свету. З часам яны могуць нівеліравацца і пераўтварыцца ў нешта годнае, нацыянальнае (можа беларускае, можа літоўскае). Але, пры пэўных умовах, гэта стане плацдармам паўзучай маскоўскай акупацыі. Маўклівага прыняцьця імперскіх амбіцый расеі.

Пра што размова?

Пра вечар выпускнікоў, здавалася бы, беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны.

Антураж кафэ – быццам апынуўся ў баранавіцкім кафэ “Шынок” у 2009 годзе. І трапіў на сваё вясельле. Тамада з памочнікам і памочніцай. Замест блізкіх і далёкіх сваякоў –
бацькі, выпускнікі і дзьве настаўніцы – амаль усе незнаёмыя для мяне людзі.

Граў “мінус” (музыка без слоў). У нейкі момант маё вуха злавіла “Катюшу”, а потым “Калинку-малинку”. Мне не верылася. Прыслухоўваўся. Не, яны. “Хай толькі са словамі ўключаць”, – стрымліваў сябе я, каб не сапсаваць людзям вечар.

З нацыянальных элементаў былі дзьве сінія вышыванкі на бацьках сябра нашага Ягора – Жэні. І на мне: невялікая васьміканцовая зорка з крыжом Ефрасіньні Полацкай на вораце сарочкі, украінскі шэўрон “Слава Україні” і падвязка на чырвонай ніці з бел-чырвона-белым сцягам і “Пагоняй” на M-TАСаўскай сумцы, набытай яшчэ ў 2022-м у Кіеве.

Пасля чаканьня спазняўшыхся і фатаграфаваньня паселі за сталы.

Зайграла музыка. Руская. “Любите, покуда любится…”, “Детство, детство, ты куда ушло?..” і іншыя песні, якія гралі на маім вясельлі, якія гучалі ў 90-я і 2000-я ў Беларусі. Зараз я ўспрымаў іх не так, як 15 гадоў назад. Замест жаданьня весяліцца, яны выклікалі ў мяне жаданьне трымацца і адстрагіравацца ад іх, каб не сапсаваць беларусам свята. Адначасова спрабуючы адстрагіравацца ад кожнага расейскага слова з дзяцінства знаёмых песень, я лавіў словы кожнай новай, каб, не дай бог, не прапусьціць яўны “зарускамірскі” матыў. Я кожнае імгненьне чакаў “агрэсіўнай” рускамірскай павесткі, праігнараваць якую я б ужо не змог, не спыніўшы яе.

Яўнага не было. Было проста рускае. Чарачна-шкварачнае. Неагрэсіўнае. Толькі дзякуючы гэтаму ўсё прайшло цяжка для мяне але без эксцэсаў для арганізатараў.

“Песни нашего детства. Дети (выпускнікі) их не знают, поэтому не подпевают”, – на вуха мне па-руску сказала настаўніца гімназіі, сядзеўшая па маю правую руку.

“Мае песні – беларускія”,- не пагадзіўся я.

“Музыка не мае нацыянальнасьці,… хіба толькі словы”, – адрэагавала настаўніца.

“Што яна кажа”, – запытала Люба, сядзеўшая па левую руку ад мяне.

Я распавёў.

“Раней і я слухала гэтыя песні і мне яны падабаліся”, – падзялілася Люба. – “Мабыць, гэтыя беларусы не прайшлі тое, што прайшлі мы і засталіся ў той рэальнасьці, якая была і ў нас да пратэстаў і вайны?”

Хацелася сысьці. Але не хацелася бегчы. Таму я вырашыў прамовіць слова пры нагодзе і пасля гэтага сыйсьці.

Доўга чакаць не прыйшлося. Вядоўца пайшоў па прысутным і, трымаючы ў руках мікрафон, прасіў прадставіцца і пажадаць пажаданьне на першую літару свайго імя.

Чарга дайшла да мяне. Я ўзяў з рук вядоўцы мікрафон (дагэтуль ён кожнаму падносіў яго сам), павярнуўся на сваім стуле на 180 градусаў да выпускнікоў і сказаў:

“Мяне завуць Аляксандр. Жадаю, Асабліва беларусам, не забывацца родную матчыну мову, каб не ўмерлі”.

“Дзякуй”, – пачуў я ўпершыню беларускую мову ад вядоўцы.

Наступнай мікрафон трымала мая суседка-настаўніца. Яна кранула мяне за руку, звяртаючы маю ўвагу і пачала…. па-беларуску прадстаўляцца і жадаць.

“Малайчынка”, – падумаў я пра яе.

З амаль 60-ці прысутных толькі чацвёра: Люба, Я, суседка-настаўніца і яшчэ адна маці выпускніцы, здаецца Людміла, якая пажадала “Лепшай долі”, прамаўлялі па-беларуску.

“Табе мацней за ўсіх апладыравалі. Жэня нават рукі над галавой падняў, хлопаючы”, – падзялілася сваімі назіраньнямі, якія не заўважыў я, Люба.

(Працяг у каментарах…)