Калі вы рэгулярна блытаеце, як пісаць – дахаты ці да хаты, спачатку ці з пачатку – абавязкова прачытайце сённяшнюю граматыку пра прыслоўе.
Прыслоўе абазначае прыкмету дзеяння, стану, якасці ці зрэдку прадмета і, паколькі гэта досыць маладая часціна мовы, часта з’яўляецца матываваным – то бок, з пункту гледжання сучаснай мовы можна вызначыць, ад якога слова яно ўварылася. Матываваных прыслоўяў значна больш, чым нематываваных (гэтыя – найбольш старажытныя і з пункту гледжання сучаснай мовы маюць непразрыстую знешнюю форму). Параўнайце, напрыклад, прыслоўі як, дзе, куды і дахаты, наверсе. У першым выпадку мы не можам вызначыць, ад якога слова яны ўтварыліся, а ў другім – робім гэта лёгка: дахаты – ад назоўніка хата, наверсе – ад назоўніка верх.
Ад такіх прыслоўяў трэба адрозніваць канструкцыю “прыназоўнік + назоўнік”, якая, хоць і гучыць дакладна так ці амаль так, як і прыслоўі, але будзе пісацца асобна: падысці да хаты (параўнайце: пасля працы вяртацца дахаты), сядзець на версе даху (параўнайце: жыць наверсе).
Ёсць некалькі спосабаў, як вызначыць, што перад намі: прыслоўе або прыназоўнік з назоўнікам.
Першы спосаб — паставіць пытанне. Гэта можа быць агульнае пытанне: падысці куды? да хаты і вяртацца куды? дахаты. І яно нам, фактычна, ніяк не дапамагае вызначыць, прыслоўе гэта ці не. Значыць, мы мусім паспрабаваць паставіць яшчэ адно – склонавае — пытанне: падысці да чаго? да хаты. Менавіта гэтае пытанне паказвае, што перад намі канструкцыя “прыназоўнік + назоўнік” і яе трэба пісаць асобна.
Другі спосаб — дадаць тлумачальнае слова: з пачатку чаго? восені (калі перад намі прыслоўе спачатку, то тлумачальнае слова не дадаецца: спачатку было слова).
Трэці спосаб – дадаць азначэнне: з самага пачатку восені (параўнайце: спачатку праца, а потым адпачынак – у гэтым выпадку азначэнне дадаць немагчыма).
Звярніце ўвагу, што прыслоўі могуць таксама блытаць з канструкцыяй “прыназоўнік + лічэбнік”: сустрэліся ўдвух і трымаць яйкі ў двух кошыках. Калі нельга дадаць назоўнік – перад намі прыслоўе і яно пішацца ў адно слова (удвух). Калі ж пасля ідзе назоўнік, то гэта спалучэнне “прыназоўнік + лічэбнік” і яно пішацца асобна (у двух кошыках).