Надыйшоў час вяртацца дадому. Вярнуўшыся да крамы за якой стаяў помнік савецкаму жаўнеру, я працягну…

Надыйшоў час вяртацца дадому. Вярнуўшыся да крамы за якой стаяў помнік савецкаму жаўнеру, я працягнуў свой шлях па запланаванаму прамакутнаму маршруту.

Злева ішоў лес. Справа – жылыя дамы ў адзін рад.

Раз’езжаная цяжкай тэхнікай калея заходзіла ў лес. Тут, на прагаліне, відавочна, яна стаяла раней. Зараз засталася толькі кабіна савецкага грузавіка. Без колаў. На падстаўцы.

Справа варонка ў чорнай зямлі знясла плот. Выбіла шкло. Вышчэрбіла аскепкамі сцену дома з чырвонай цэглы і бятонны слуп ля яго. Драўляны франтон дома, на дзіва, ацалеў.

Металічны швелер, выконваючы ролю слупа для газавай трубы, у двух месцах наскрозь прабіты аскепкамі. Галінкі куста адсечаны цалкам альбо схіліліся, напалову перабітыя.

Магутны ствол раскідзістага дрэва перабіты. Пад ім гара свежага бытавога смецця.

Брама прашыта аскепкамі. Глухая бетонная пліта плота ля яе – таксама ў дзірках.

Белы мінівэн “Фальксваген” прабіты мноствам аскепкаў. Шкло выбіта. Лабавое разбіта.

Коцік. Трохкаляровы: руды, белы, чорны. Сядзіць на грудзе паламанага шыфера, складзенага ў кучу. На заднім фоне: лес і тры ствалы дрэва перабітыя аскепкамі.

Чырвоны “Жыгуль”, які пераехалі гусеніцамі.

Згарэўшы астоў аўтамабіля побач з рэшткамі згарэўшага сарая.

Міма мяне праехалі два ЗСУ-шніка на матацыкле з каляскай. Дакладней з драўляным шчытом замест каляскі. Спыніліся ля падворка. Злезлі з матацыкла і зайшлі ў двор. “Мабыць жывуць тут”, – падумаў я, праходзячы міма.

Праз нейкі час я пачуў аўтаматныя стрэлы з таго падворка. А пасля матацыкл з калякай дагнаў мяне. Спыніўся. На драўляным шчыце ляжала забітая курыца. Побач з ёй ляжаў аўтамат Калашнікава. Хлопцы прапанавалі мне алкаголь (я адмовіўся). Адзін з іх, з цыгаркай ў зубах, падняў забітую курыцу правай рукой, пазуючы мне для фота. Я запытаў што яны збіраюцца рабіць з забітай курыцай. На што тыя адказалі, што прыгатуюць на вячэру.

“Дзіўна”, – падумаў я. Я б не стаў забіваць з аўтамата курыцу на кінутым падворку дзеля таго, каб выпатрашыць, абскубсьці і прыгатаваць яе ва ўмовах дастатковых магчымасьцяў набыць тую самую курыцу (альбо іншую ежу) у краме суседнягя Славянска.

Але не ведаю іх умоў пражывання. Таму цяжка сказаць што імі кіравала: алкаголь, паляўнічы інстынкт, недахоп курынага мяса ў рацыёне альбо тое і другое разам.