“Усе знакавыя вялікія вуліцы, якія раней мелі камуністычныя назвы. Праспект Леніна — Вялікі Гасцінец, 60 год Кастрычніка — праспект Скарыны, Савецкая — Віленская. Плошча Леніна сталася Цэнтральнай плошчай: камісія так і не прыйшла да кансенсусу, атрымаўся нейтральны варыянт. Плошчу Свабоды перайменавалі ў Старое Места”
“На момант прыходу Лукашэнкі ў палове нашых школаў выкладанне ўжо вялося ці пачынала весціся па-беларуску. Натуральна, гэта было скасавана. Найдаўжэй пратрымалася беларуская гімназія, але ўрэшце і яна стала расейскамоўнай”
На пачатку 1990-х Маладзечна вылучалася сярод раённых гарадоў сваім прабеларускім курсам. Супалі некалькі фактараў: дэмакратыя, беларускі актыў ды — прабеларускія чыноўнікі. Як гэта было? Чым скончылася?
Будзьма паразмаўляла з Алесем Капуцкім, які далучыўся да беларускага руху ў 1980-х. Стаў старшынём арганізацыі «Крывіч». Закладаў у горадзе першасную арганізацыю БНФ з ячэйкамі на прадпрыемствах: на мяжы 1980-х — 1990-х тут ужо ладзілі першыя мітынгі. Удзельнічаў у стварэнні маладзечанскіх філіяў ТБМ ды скаўцкай арганізацыі.