Псальмы маюць у сабе цудоўную моц абуджаць у душах усіх людзей жаданне дабрадзейнасцяў. «Хоць усё Св…

Псальмы маюць у сабе цудоўную моц абуджаць у душах усіх людзей жаданне дабрадзейнасцяў. «Хоць усё Святое Пісанне, як Стары, так і Новы Запавет, “натхнёнае Богам і карыснае для навучання” (2 Цім 3, 16), аднак кніга Псальмаў, нібы райскі сад, у якім ёсць плады ўсіх кніг, паказвае ў псальмодыі разам з пладамі іншых кніг таксама свае плады». Менавіта так вучыць св. Атаназій і справядліва дадае: «Мне здаецца, што псальмы для таго, хто іх спявае, з’яўляюцца нібы люстэркам, у якім ён можа бачыць самога сябе і рухі сваёй душы, і так будзе іх чытаць». 

Св. Аўгустын у «Споведзі» таксама кажа: «Як жа я плакаў, калі спяваў гімны і песні, узрушаны да глыбіні салодкімі мелодыямі, якія спявала Твая Царква. Мелодыі пранікалі ў мае вушы, праўда лілася ў сэрца і распальвала пачуццё любові; цяклі слёзы, і мне было з імі добра».

Ды, урэшце, каго не ўзрушаць тыя шматлікія месцы ў псальмах, дзе так узнёсла апяваецца бясконцая веліч Бога, усемагутнасць, невыказная справядлівасць, дабрыня, ласкавасць ды іншыя невымерныя Божыя рысы! Каго ж не натхніць на падобныя пачуцці гэтая падзяка за атрыманыя ад Бога дабрадзействы ці даверлівыя і пакорныя просьбы аб дапамозе, або ўскліканні душы, скрушанай грахамі? Хто ж не запалае любоўю перад такім дакладна намаляваным вобразам Хрыста Адкупіцеля, чый голас ва ўсіх псальмах чуў св. Аўгустын? Гэты голас спяваў, скардзіўся, радаваўся надзеі або засмучаўся рэчаіснасцю.

Апостальская канстытуцыя «Divíno afflátu» св. Пія Х