Браты, ёсць адзін Бог, якога мы пазнаём ні з чаго іншага, як са Святога Пісання. Таму ўсё, што яно абвяшчае, мы павінны ведаць, а ўсё, чаму вучыць, павінны пазнаваць. Мы павінны верыць у Айца так, як Ён гэтага хоча. Мы павінны праслаўляць Сына, як гэтага хоча Айцец. Як Ён хоча даваць нам Духа Святога, так мы павінны Яго прымаць. Не паводле ўласнай волі, не паводле ўласных пачуццяў і не скажаючы таго, што дадзена Богам. Але як Ён Сам пажадаў навучыць нас праз Святое Пісанне, так мы і павінны разумець.
Бог быў адзіны, акрамя Яго ў вечнасці нічога не існавала, і Ён захацеў стварыць свет. І стварыў свет думкай, жаданнем і словам. І свет адразу ўзнік, як Ён хацеў, і як яго ўладкаваў. Для нас жа дастаткова ведаць толькі тое, што няма нічога такога вечнага, як Бог. Не было нічога, акрамя Яго. Ён адзін быў усім. Ён быў розумам, мудрасцю, уладаю, радаю. Усё было ў Ім, і Ён быў усім. Калі захацеў і як захацеў, Ён паказаў у часы, якія вызначыў Сам, Сваё Слова, праз Якое стварыў усё.
Паколькі Слова, Якое меў у сабе, было нябачным для створанага свету, Ён зрабіў Яго бачным, пасылаючы спачатку свой голас. Нараджаючы Святло ад Святла, Ён даў самому стварэнню Госпада, сваю сутнасць. І Таго, Які спачатку быў бачны толькі Яму, але нябачны свету, Бог учыніў бачным, каб свет змог уратавацца, убачыўшы Яго з’яўленне.
Гэта быў розум Божы, які, прыходзячы ў свет, з’явіўся ў постаці слугі Божага. Усё ж створана Ім, а сам Ён адзін ад Айца.
Ён даў закон і прарокаў, прымушаючы іх прарочыць праз Духа Святога, каб, прымаючы натхненне айцоўскай моцы, яны абвяшчалі задум і волю Айца.
Так аб’явілася Слова, як кажа святы Ян. Ён сцісла паўтарае сказанае прарокамі, паказваючы, што гэта тое Слова, праз Якое сталася ўсё. Бо так кажа: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася» (Ян 1, 1. 3). І ніжэй дадае: «У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Прыйшло да сваіх, і свае Яго не прынялі» (пар. Ян 1, 10-11).
Св. Іпаліт Рымскі