Прыйсце Хрыста – гэта выток хрысціянскага народу, а нараджэнне Галавы – гэта нараджэнне Цела.
Кожны пакліканы выконвае адметную ролю, і ўсе дзеці Царквы нараджаюцца ў розныя часы. Але як усе вернікі паходзяць з крыніцы хрышчэння, бо ўкрыжаваныя разам з Хрыстом, яны ўваскрэслі ва ўваскрасенні і ўзнесеныя ва ўзнясенні да правіцы Айца, так і народжаныя яны разам з Хрыстом у гэтым нараджэнні.
Кожны з вернікаў, хто ў любой частцы свету адраджаецца ў Хрысце, адрэзаўшы дарогу назад, праз гэтае адраджэнне становіцца новым чалавекам. Ён ужо не лічыцца сярод спадкаемцаў цялеснага бацькі, але сярод парасткаў Збавіцеля, Які дзеля таго стаў Сынам Чалавечым, каб мы змаглі стаць Божымі дзецьмі.
Калі б Ён не сышоў да нас у гэтым прыніжэнні, ніхто б не дайшоў да Яго ні за якія свае заслугі.
Таму сама веліч дадзенага нам дару патрабуе ад нас пашаны, годнай сваёй славы. І таму, як вучыць Апостал, мы атрымалі не духа гэтага свету, але Духа ад Бога, каб мы даведаліся, што нам было дадзена Богам (пар. 1 Кар 2, 12). Пабожна ўшанаваць Яго можна толькі ахвяраваннем таго, што Ён сам удзяліў.
Што ж у скарбніцы шчодрасці Госпада падыходзіць для ўшанавання сённяшняга свята больш, чым супакой, які першым спевам анёлаў быў абвешчаны пры нараджэнні Госпада?
Супакой ёсць тым, што нараджае дзяцей Божых, жывіць любоў і стварае адзінства, гэта спачынак блаславёных і жыллё вечнасці. Дзякуючы яго дабрачыннай справе людзі адрываюцца ад свету і злучаюцца з Богам.
Таму тыя, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся (пар. Ян 1, 13), няхай ахвяруюць Айцу згоду дзяцей, якія ўсталёўваюць супакой. І няхай усе ўсыноўленыя часткі цела скіроўваюцца да Першароднага новага стварэння. Ён прыйшоў выканаць не сваю волю, а Таго, хто Яго паслаў. Калі ласка Айца прыняла нас у спадкаемцы, мы не сварыліся і не спрачаліся, але адно адчувалі і адно любілі. Тыя, хто быў ператвораны паводле аднаго вобразу, павінны мець адну душу.
Нараджэнне Госпада – гэта нараджэнне супакою, бо так кажа Апостал: Ён – наш супакой, які ўчыніў адно і другое адзіным (пар. Эф 2, 14); бо ці юдэй, ці язычнік, «праз Яго мы маем доступ у адным Духу да Айца» (Эф 2, 18).
Св. Леў Вялікі