Вядучай тэмай гісторыі Старога Запавету з’яўляецца абяцанне Збаўцы. Калі надыходзіць час, Бог выконвае абяцанне: ад Дзевы Марыі нараджаецца Сын Божы – Ісус Хрыстос. Ісус Хрыстос жыў сярод людзей, навучаў, тварыў цуды, лячыў, прапаведаваў Валадарства Нябеснае, пакутаваў, памёр і ўваскрос: «Ён смерцю перамог смерць». Ісус Хрыстос выратаваў чалавека ад граху, смерці, пагібелі. Ён – наш Збаўца.
Са Святога Пісання мы даведаемся, што Ісус Хрыстос жыў, выконваючы дзесяць Божых запаведзяў і заклікаў да гэтага іншых. У прыватнасці, на пытанне багатага юнака: «Што мне рабіць, каб атрымаць жыццё вечнае?» ― Ісус дае ясны адказ: «Ведаеш запаведзі: не пралюбадзейнічай; не забівай; не крадзі; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці» (Мр 10, 19). Так Хрыстос паказвае на важнасць выканання гэтых запаведзяў, бо яны з’яўляюцца асновай жыцця кожнага чалавека.
Дзесяць Божых запаведзяў носяць выхаваўчы характар. Яны выхоўваюць чалавека, накіроўваюць яго на шлях, які вядзе да Бога. Толькі з прыходам Божага Сына – Ісуса Хрыста – у поўнай меры раскрываецца таямніца Божай любові. Ісус паказвае новыя, поўныя любові адносіны чалавека з Богам, іншымі людзьмі і светам. Хрыстос дапаўняе закон Старога Запавету ласкай: «Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але дапоўніць» (Мц 5, 17).
Ісус Хрыстос заклікае нас быць цэласнымі: каб наша вера і поўная надзея на Бога выяўлялася ў нашым светапоглядзе, ацэнцы падзей, рашэннях і ўчынках. Ён пераносіць акцэнт са знешняга выканання запаведзяў і прадпісанняў Закона на ўнутраны свет чалавека: каб Бог стаў цэнтрам яго жыцця, згодна з якім чалавек упарадкоўвае свае памкненні, думкі, шкалу каштоўнасцяў, адносіны і ўчынкі. Каб не сказалі пра нас: «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іх далёка адлягае ад Мяне» (Мц 15, 8).
Ідучы да Айца, Хрыстос абяцае сваім вучням, што застанецца з імі да сканчэння веку. Гэта абяцанне здзяйсняецца праз спасланне Святога Духа. Ласка Святога Духа робіць нас моцнымі і адважнымі, вучыць, што трэба рабіць, а чаго пазбягаць, каб выканаць Божую волю, каб годна адказаць на Божае пакліканне.