На пачатку студзеня ў малітвах асабліва ўзгадваем двух выдатных дзеячоў беларускага хрысьціянскага …

На пачатку студзеня ў малітвах асабліва ўзгадваем двух выдатных дзеячоў беларускага хрысьціянскага руху, двух сьвятароў Царквы візантыйскага абраду марыяніна а. Фабіяна АБРАНТОВІЧА і езуіта а. Антона НЕМАНЦЭВІЧА – мужных вызнаўцаў веры, якія сталі ахвярамі таталітарных рэжымаў.

Фабіян Абрантовіч (14.09.1884 – 02.01.1946), які паходзіў з беларускага кляштару марыянаў у Друі, быў прызначаны Ватыканам Апостальскім адміністратарам для каталікоў усходняга абраду ў Маньчжурыі. Мітрапаліт Шаптыцкі разглядаў архімандрыта Фабіяна Абрантовіча як аднаго з найбольш дастойных кандыдатаў на пасаду кіраўніка экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Але 22 кастрычніка 1939 году, расьля вяртаньня з родных мясьцінаў у Ктай, ён быў арыштаваны савецкімі ўладамі пры пераходзе савецкае мяжы ля гораду Рава-Руская (Украіна) і зьняволены ў турму ў Львове. Быў зьвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Ватыкану і жорстка катаваны. Потым быў прывезены для допытаў у Маскву. 23 верасьня 1942 году прызнаны вінаватым у змаганьні з рэвалюцыйным рухам і нелегальным пераходзе мяжы і быў асуджаны да 10 гадоў лагероў. Савецкія ўлады намагаліся схіліць архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, каб ён узначаліў незалежную ад Ватыкану Каталіцкую Царкву ў СССР, але ён адмовіўся. Быў закатаваны допытамі і нялюдзкімі ўмовамі ў Бутырскай турме ў Маскве. Памёр 2 студзеня 1945 году. Месца яго пахаваньня невядомае.

У 2003 годзе распачаўся афіцыйны працэс беатыфікацыі архімандрыта Фабіяна Абрантовіча.

6 студзеня споўнілася 80 гадоў з дня мучаніцкай сьмерці Антона Неманцэвіча, Апостальскага экзарха беларускіх грэка-католікаў, закатаванага ў турме СД у Менску 6 студзеня 1943 году.

Антон Неманцэвіч – першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, доктар тэалогіі і права, рэлігійны і грамадзка-культурны дзеяч, педагог.
Менавіта падчас яго дзейнасьці беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйай у царкоўным жыцьці.

Нарадзіўся ён далёка ад сваей радзімы – у сталіцы Расейскае імперыі Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 году. Ягоныя бацькі, Вікторыя і Ян, прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі. Бацькі выхавалі яго добрым і ахвярным каталіком. Скончыўшы вядомую ў Пецярбурзе прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны, малады юнак выбраў нялёгкую сьвятарскую дарогу. Пасьля заканчэньня ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі ён адразу паступіў у мітрапалітальную Духоўную Акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу.

У тым самым годзе ён становіцца сябрам беларускага кола ў гэтай акадэміі. Большасьць чальцоў гэтага знакамітага кола сталася пазьней шчырымі рупліўцамі магутнага руху беларускага каталіцкага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. А ў 1915 годзе ў Акадэміі іх было дванаццаць, якія паглыблялі веды пра сваю Бацькаўшчыну і распаўсюджвалі іх сярод іншых. На адным з паседжаньняў гэтага клуба а. Антон Неманцэвіч зрабіў даклад пра Берасьцейскую Унію, да якой ужо тады меў вялікі інтарэс. Акрамя таго, ён, цягам свайго побыту ў Пецярбургу, пашыраў ідэю еднасьці Цэркваў сярод мясцовы