З VI ст. гэтае свята ўрачыста святкуюць ва Усходняй Царкве пад назвай Перамянення Гасподняга. У Заходняй Сірыі ў VIII ст. яно называлася свята Табору.
Першапачаткова яго святкавалі ў лютым. Аднак з-за таго, што гэтае радаснае свята звычайна выпадала падчас Вялікага посту, а гэта не адпавядала духу посту і пакаяння, яго перанеслі на 6 жніўня. Чаму менавіта на гэты дзень? Гісторык Яўсевій і св. Ян Дамаскін лічаць, што Гасподняе Перамяненне адбылося за 40 дзён да Хрыстовай смерці. Таму святая Царква, прытрымліваючыся гэтай думкі, перанесла свята з лютага на 6 жніўня, паколькі праз 40 дзён, гэта значыць 14 верасня, выпадае свята Узвіжання Пачэснага Крыжа – памяць Хрыстовых мукаў і смерці.
З Усходу свята прыходзіць на Захад недзе ў VII-VIII ст. Тут яно вельмі павольна ўваходзіў у практыку, яго святкавалі ў розны час і яшчэ ў XII ст. яно не было ўсеагульным. Папа Каліст III у 1457 г. пашырыў гэтае свята на ўсю Заходнюю Царкву і загадаў святкаваць яго 6 жніўня ў памяць перамогі над туркамі пад Бялградам. Гэтую перамогу атрымалі 22 ліпеня 1456 г., але вестка пра яе дайшла да Рыма толькі 6 жніўня. Армяне святкуюць Перамяненне Гасподняе ў 7 нядзелю пасля Зыходу Святога Духа.