на яе цудоўнае Успенне, але і на яе ўзнясенне на неба з целам і душой. Найбольш цікавы рэчыўны доказ…

на яе цудоўнае Успенне, але і на яе ўзнясенне на неба з целам і душой. Найбольш цікавы рэчыўны доказ аб Успенні падае св. Ян Дамаскін. У сваёй другой гаміліі на Успенне, спасылаючыся на невядомую для нас Гісторыю Яўхіма, кажа, што Пульхерыя, жонка імператара Маркіяна (450-457), пабудавала царкву ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы ва Улахерне, прыгарадзе Канстанцінопаля, і хацела там пакласці цела. Яна звярнулася да ерусалімскага патрыярха Ювеналія († 458), які тады якраз быў на Халкедонскім Саборы (451). Той расказаў ёй паданне аб тым, што пасля таго, як адкрылі труну для ап. Тамаша, то не знайшлі цела Божай Маці. Замест цела патрыярх даслаў Пульхерыі пахавальную рызу Найсвяцейшай Багародзіцы. Апошнім аўтарам на Усходзе, які сабраў усё аб Успенні, быў візантыйскі царкоўны пісьменнік Нікіфар Каліст Ксантопул († 1335).

Св. Ян Дамаскін верыць у тое, што Найсвяцейшая Багародзіца з целам і душой была ўзята на неба. У адной са сваіх пропаведзяў на яе Успенне ён кажа: “Належыла, каб Той, Хто захаваў яе Дзявоцтва пры сваім Нараджэнні, захаваў і яе цела нятленным пасля смерці. Належыла, каб тая, якая ў сваіх абдымках насіла Творцу як Дзіця, знаходзілася ў нябесных харомах. Належыла, каб тая, што бачыла свайго Сына на крыжы і якой сэрца працяў тады меч боляў, якіх яна не панесла пры Нараджэнні, глядзела на Яго, як Ён сядзіць з Айцом. Належыла, каб Багародзіца мела тое, што належыць яе Сыну, і каб усё стварэнне шанавала яе як Маці і як Рабу Бога”.