15 жніўня Царква адзначае свята Успення Багародзіцы, якое належыць да найстаражытнейшых Багародзічны…

15 жніўня Царква адзначае свята Успення Багародзіцы, якое належыць да найстаражытнейшых Багародзічных святаў. Яго пачалі адзначаць у Ерусаліме адразу пасля Сабору ў Эфесе 431 г. Спачатку святкаванне памяці Успення пад уплывам Эфескага Сабора акцэнтавала ўвагу на прывілеі яе Богамацярынства і таму называлася “Свята Марыі – Маці Божай”.

У адной з хвалебных гутарак у гонар вялебнага Феадосія Вялікага († 529) гаворыцца, што палестынскія манахі штогод з вялікай урачыстасцю святкавалі 15 жніўня “Памяць Маці Божай”, гэта значыць памяць яе Успення. У Сірыі ў V ст. гэтае свята звалася “Памяць Шчаснай”.

У VI ст. свята атрымлівае сваю цяперашнюю назву – Успенне Найсвяцейшай Багародзіцы. У першых стагоддзях не ўсе Цэрквы Усходу святкавалі Успенне ў адзін час. Александрыйскі патрыярх Феадосій († 567) прыпісаў святкаваць Успенне 6 студзеня, а свята яе Унебаўзяцця 9 жніўня. Эфіёпская Царква і сёння святкуе Успенне цела нашай Чыстай, Святой, Слаўнай Багародзіцы Дзевы Марыі 6 студзеня, а 9 жніўня – Узнясенне цела нашай Дзевы Марыі, Багародзіцы на неба. Армяне святкуюць Успенне ў нядзелю паміж 12 і 18 жніўня. Іншыя Цэрквы святкавалі яго 18 жніўня.

Імператар Маўрыкій (582-602) распаўсюдзіў свята Успення па ўсёй Візантыйскай дзяржаве і загадаў святкаваць яго 15 жніўня, таму што ў той дзень ён атрымаў светлую перамогу над персамі.

На Захадзе свята Успення пад уплывам Усходу з’явілася крыху пазней. Яго прынялі ў Рыме пры Папе Сергіі I (687-701), а з Рыма яно перайшло ў іншыя краіны Еўропы. Як на Усходзе, так і тут розныя Цэрквы святкавалі яго ў розны час. Рым, ідучы за Усходам, святкаваў Успенне 15 жніўня, Францыя – 18 студзеня, Іспанія пасля Сабору ў Таледа 656 г. – 18 снежня. У рымскім Месяцаслове VII ст., які прыпісваюць св. Гераніму, аб 18 студзеня сказана: “Смерць Усячыстай Дзевы Марыі”, а 14 жніўня: “Унебаўзяцце”. Аднак у рымскім календары з VIII стагоддзя ёсць ужо толькі адно свята – Успенне 15 жніўня.

У Заходняй Царкве, пачынаючы з І Ватыканскага сабора (1870), усё больш стараліся агульную веру Царквы ў цудоўнае Успенне і Унебаўзяцце Найсвяцейшай Багародзіцы абвясціць догмай святой веры. Гэтую задачу ўзяў на сябе Папа Пій XII († 1958). Ён, абагульніўшы меркаванне ўсіх біскупаў Каталіцкай Царквы сваёй Апостальскай Канстытуцыяй “Усяміласцівы Бог”, 1 лістапада 1950 г. усяму свету ўрачыста абвясціў: “Уладай Госпада нашага Ісуса Хрыста, святых апосталаў Пятра і Паўла і нашым уласным аўтарытэтам абвяшчаем, заяўляем і вызначаем як Богам абвешчаную праўду, што Беззаганная Багародзіца, заўсёды Дзева Марыя, споўніўшы бег свайго зямнога жыцця, была ўзята з целам і душой у нябесную славу”.

Свята Успення Найсвяцейшай Багародзіцы з’яўляецца прадпісаным святам для католікаў усіх абрадаў, у якое вернікі абавязаны ўдзельнічаць у Боскай Літургіі або ў службе царкоўнага правіла ці ў самы дзень свята, ці напярэдадні ўвечары (Кодэкс канонаў Усходніх Цэркваў, кан. 881). «Тыя, хто свядома не выконваюць гэтага абавязку, здзяйсняюць цяжкі грэх» (Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 2181