Свята ў гонар св. арханёла Міхала і іншых бесцялесных сілаў устанавілі ў IV ст. Гэтае свята называецца саборам таму, што ў гэты дзень Царква ўшаноўвае сабор — збор усіх бесцялесных сілаў разам са св. арханёлам Міхалам, а таксама сабор — збор людзей на зямлі для праслаўлення нябесных Сілаў.
Пра Міхала як анёла, які апякуецца ізраільскім народам, мы ведаем з грэцкага перакладу кнігі прарока Даніэля, якая з’яўляецца часткай Старога Запавету (Дан. 10). У Новым Запавеце Міхал выступае ў якасці военачальніка анёльскага войска, пра што мы даведаемся з кнігі Адкрыцця (Адкр. 12).
Ужо ў II ст. з хрысціянскага твора “Пастыр” Гермы мы ведаем, што цяпер Міхал трактуецца як анёл-заступнік усіх хрысціян. У гэтай якасці ён асабліва шануецца ў Копцкай Царкве (Егіпет), дзе мы маем сведчанні аб храмах, пабудаваных у гонар Міхала з IV ст. Шанаванне Міхала было не нашмат меншым і ў Візантыі, так гісторык Сазамен (V ст.) сцвярджае, што першы храм, прысвечаны Міхалу, пабудаваў Канстанцін Вялікі (+337).
Галоўная мэта свята – узвялічыць і праславіць святога арханёла Міхала, а з ім і іншых анёлаў. Архістратыга (з грэцкага — «галоўны правадыр») Міхала Царква ставіць на першае месца сярод анёлаў, таму што ён узначаліў барацьбу добрых анёлаў супраць анёлаў, якія выступілі супраць Бога, і перамог. Таму ў іканаграфіі арханёл прадстаўлены як узброены палкаводзец.
Гэтае свята, акрамя архістратыга Міхала, таксама праслаўляе ўсе анёльскія хоры. Яшчэ з часоў Псеўда-Дыянісія Арэапагіта (V ст.) у Царкве ўкараніўся звычай дзяліць усіх анёлаў на тры чыны па тры хоры ў кожным: серафімы, херувімы і пасады; панаванні, улады і сілы; пачаткі, арханёлы і анёлы.