“І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала Яго ў яслі…” (Лк. 2, 7)
Перш за ўсё разгледзім паняцце «першародны», якім евангеліст Лука назваў Ісуса пры нараджэнні. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў Святым Пісанні ў розных значэннях. Гэта можа, напрыклад, азначаць першае дзіця, народжанае ў сям’і (гл. Быц. 25, 13; 27, 32; 35, 23 і г.д.). Але таксама можа мець юрыдычны сэнс, звязаны з пэўнымі маёмаснымі і спадчыннымі правамі, якія атрымаў першы сын у сям’і, пры чым не мела значэння, ці нарадзіўся ў бацькоў пасля яго яшчэ нехта (гл. Быц. 27, 1.19.32). У гэтым сэнсе ўвесь Ізраіль названы «першародным Ягвэ» (гл. Вых. 4, 22; Пс. 89, 28).
Аднак, на думку многіх хрысціянскіх экзэгетаў, евангеліст Лука выкарыстоўвае тэрмін «першародны» ў адносінах да Ісуса не ў гэтых вышэйзгаданых значэннях. Нават згадка пра «братоў і сясцёр» Ісуса (гл. Мц. 12, 46-47) не дае падставы меркаваць, што ва Усячыстай Дзевы і св. Язэпа былі яшчэ іншыя дзеці, бо ў габрэяў пад «братамі і сёстрамі» разумеліся ўсе блізкія і далёкія сваякі.
Ёсць яшчэ трэцяе надзвычай важнае разуменне першародства ў Святым Пісанні: паводле Вых. 13, 2; 13, 11-15; 22, 28-29, усё першароднае, а значыць, не толькі чалавек, але нават дамашняя жывёла, належыць Ягвэ. Такім чынам, «азначэнне «першародны» ў дачыненні да Ісуса падкрэслівае Яго выключную прыналежнасць да Бога, указвае на Яго выключную сувязь з Богам і не выкарыстоўваецца, каб падкрэсліць Яго сувязь з братамі ці сёстрамі» (Пацёрэк А. Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме).
Больш за тое, Новы Запавет узносіць паняцце «першародны» ў адносінах да Ісуса на яшчэ вышэйшы і ўніверсальны ўзровень, кажучы пра Яго так: “Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае (…) Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім. Ён — Галава цела, гэта значыць, Царквы. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство.” (Клс. 1, 15-18)
Такім чынам, Ісус Хрыстос, як першародны, з’яўляецца вобразам нябачнага Бога і ўзорам поўнага і дасканалага прысвячэння чалавека Богу. Будучы створанымі «на вобраз Божы», мы пакліканыя праз еднасць з Хрыстом да поўнага прысвячэння Богу, які з’яўляецца Крыніцай і Мэтай нашага існавання. Кожны з нас можа сказаць словамі Ісуса: “Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца.” (Ян. 16, 28)
Менавіта ў такім сэнсе сучасныя тэолагі, такія як П. Еўдакімаў, О. Клеман, Д. Барсоцці, развілі ідэю «ўнутранага манаства». Ёю пакліканыя жыць перш за ўсё прадстаўнікі так званага прафесійнага манаства. Аднак гэтае «ўнутраны манаства» павінна быць уласціва кожнаму верніку, незалежна ад яго статусу, стану і роду заняткаў у Царкве і свеце. А слова “манах” (ад гр. “monos”, г. зн. адзін) азначае ў дадзеным выпадку не столькі пустэльніка, кагосьці, хто жыве самотна ў пустыні, а хутчэй выбар Аднаго/Адзінага – Бога, Якому чалавек аддае ўсё сваё жыццё і цалкам прысвячаецца выкананню ў жыцці Яго святой волі.
Паслухаем думку на гэтую тэму каталіцкага багаслова Дзіва Барсоцці: «Вось новае манаства, якое сёння трэба прапанаваць хрысціянам: жыць жыццём, прысвечаным Богу, жыццём, якое было б сведчаннем прысутнасці Бога ў сэрцы чалавека. Жыць гэтым сведчаннем у нашых дамах, на працы, у выкладчыцкай дзейнасці, у сям’і, жыць ім у пустыні горада, бо гарады сталі пустынямі Бога. Якая страшная пустэча! Горад адчувае пустэчу ў адносінах да Бога значна больш, чым пустэча на пустыні. Фактычна, у нашых гарадах сёння больш не ведаюць Бога, не ведаюць нічога пра Яго. Таму мы хочам жыць як манахі, як сведкі жывога Бога пасярод гэтых сучасных гарадоў»…
Малітва. Перад Табою, «Першародны ўсяго стварэння», што спачываеш у яслях у пячоры, прыпадаю ў пакоры і аддаюся Табе ў пасвячэнне так, як гэта зрабіла Усячыстая Багародзіца, св. Язэп Абручнік і ўсе Святыя богапасвячаныя асобы. Па іх малітвах учыні, каб усё маё жыццё станавілася ўсё больш знакам і сведчаннем Тваёй прысутнасці ў свеце. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах