Вялікае тое, што Бог абяцае нам на будучыню. Але яшчэ большае тое, што ўжо зроблена для нас і што мы…

Вялікае тое, што Бог абяцае нам на будучыню. Але яшчэ большае тое, што ўжо зроблена для нас і што мы ўшаноўваем. Дзе былі або чым былі людзі, калі Хрыстос памёр за бязбожных? Хто ж будзе сумнявацца, што Ён дасць сваё жыццё святым, калі даў ім нават сваю смерць? Чаму чалавечая крохкасць вагаецца верыць, што людзі калісьці будуць жыць з Богам?

Самае неверагоднае ўжо здзейснілася, калі Бог памёр дзеля людзей.

Бо хто такі Хрыстос, як не той, хто на пачатку быў Словам, а Слова было ў Бога, і Богам было Слова (пар. Ян 1, 1)? Гэтае Слова Божае «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Калі б не прыняло ад нас смяротнага цела, само ў сабе не мела б нічога, што магло б памерці. Так Несмяротны змог памерці і так пажадаў даць жыццё смяротным, каб пасля зрабіць сваімі ўдзельнікамі тых, каго ўдзельнікам стаў спярша сам. Мы не ад сябе маем жыццё, і Ён не ад сябе мог памерці.

Ён зрабіў з намі сапраўды дзіўную замену гэтага ўзаемнага ўдзелу: нашым было тое, што Ён змог памерці, а Ягоным будзе тое, што мы зможам жыць.

Дзякуючы сваёй вялікай любові да нас Ён, бязгрэшны, выцерпеў за нас, грэшнікаў, тое, што мы заслужылі за грахі. Дык як жа Ён, які апраўдвае, не дасць нам таго, што вынікае з праведнасці? Як жа не дасць абяцанай у праўдзе ўзнагароды святых, калі сам, бязвінны, панёс пакаранне за беззаконых?

Св. Аўгустын