Сёння ж дзелімся падборкай Тэлеграм-каналаў, якія раскажуць вам пра сучасную беларускую літаратуру ўсе апошнія навіны і значна больш
Суполка беларускіх пісьменнікаў – навіны і гісторыя беларускай і сусветнай літаратуры, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Літаратурная Беларусь – канал штомесячнага літаратурнага дадатку да газеты «Новы Час».
Razanau – невялікія ўрыўкі з тэкстаў Алеся Разанава кожны дзень.
ХАДАНОВІЧ – аўтарскі канал літаратара Андрэя Хадановіча, ёсць аднайменны канал у Youtube і Tiktok.
Беларускія аўдыякнігі – канал новага агрэгатара беларускіх аўдыёкніжак audiobooks.by. Усё пра беларускія аўдыякнігі: рэлізы, інтэрв’ю з аўтарамі і выканаўцамі ды іншыя цікавосткі.
Белліт пад Піва – канал падкаста, у якім тры дзяўчыны чытаюць белліт і смешна (ці не вельмі) разважаюць на конт прачытанага.
Белліт і мемы – назва кажа сама пра сябе
Каналы выдавецтваў:
– Пфляўмбаўм / Pflaŭmbaŭm – канал жаночай выдавецкай ініцыятывы, якая выдала кнігі-пераможцы прэміі Гедройця мінулага году – «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец і «Райцэнтр» Тані Скарынкінай. Таксама нядаўна там выйшлі паэтычны зборнік Вальжыны Морт і «Анаталогія паэтак».
Выдавецтва “Галіяфы” з публікацыямі пра выдадзеныя новыя і ўжо ўлюбёныя кнігі.
Былі яшчэ каналы ад выдавецтва «Янушкевіч» і вядомы ўсім «Белліт» ад Насты Карнацкай, аднак асцярожна: падчас затрымання Андрэя Янушкевіча і Насты Карнацкай у іх каналах стаў посціцца прапагандысцкі кантэнт, цяпер каналы не абнаўляюцца.
За складанне падборкі дзякуем калегам з Беларускага ПЭНа, які, канешне, таксама мае свой канал – з навінамі ў беларускай літаратуры, магчымасцямі для беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, публікацыямі пра цікавыя падзеі і імпрэзы ў літаратурным сусвеце. А на сайце Беларускага ПЭНа сістэматызаваная інфармацыя пра парушэнні правоў культурных дзеячаў у Беларусі. Што класна, ёсць і англамоўная версія маніторынгу.
Ведаеце, чым можна было б дапоўніць гэты спіс? Напішыце прапановы ў каментарах!