Часамі дробная дэталь сьведчыць пра агульную атмасфэру. Асабліва гэта тычыцца кіруючага апарату, дзе…

Часамі дробная дэталь сьведчыць пра агульную атмасфэру. Асабліва гэта тычыцца кіруючага апарату, дзе нюансы дакладна адлюстроўваюць настроі.

Напрыклад, той, хто даўно сочыць за тэлерэпартажамі з нарадаў, мог заўважыць, што адразу пасьля абраньня Лукашэнкі летам 1994 году пры ягоным зьяўленьні ў залі чыноўнікі ўставалі. Яшчэ за некалькі месяцаў перад гэтым, пры Мечыславу Грыбу (а ён усё ж быў генэралам і, здавалася б, мусіў надаваць увагу субардынацыі), і яшчэ раней, пры Станіславу Шушкевічу, такога не было. Не прыгадваю, каб уставалі на нарадах пры Кебічу.

А крыху пазьней пры зьяўленьні Лукашэнкі ўставаць пачалі і дэпутаты «палаткі». У нашым Вярхоўным Савеце мы ўставалі толькі вітаючы прэзыдэнта ці сьпікера парлямэнту нейкай дзяржавы — агульнапрынятая міжнародная норма. А зайшоў Лукашэнка і сеў на прэзыдэнцкае месца — ну, зайшоў. Выйшаў — і слава Богу, лягчэй дыхаць.

Днямі паказалі, як Лукашэнка дае ўказаньні старшыні КДБ Церцелю «рашуча спыняць дзейнасьць замежных спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі». Церцель прадэманстраваў вяршыню апаратнай эквілібрыстыкі — аддана глядзеў на патрона, проста ўсмоктваўся ў яго вачыма, і адначасна запісваў.

А магчыма, чэкістаў трэніруюць запісваць з завязанымі вачыма. Цікава, Церцель і пад вадой умее запісваць? А ў вагні?

Прыкметна, што Лукашэнка сказаў не «заходнім спэцслужбам», а проста «замежным». Гэта як раней казалі — «іншамарка», хаця ў Беларусі легкавікоў не выраблялі. Нямецкія, японскія, францускія — гэта «інша-», а вось расейскія — свае. Гэтак і тут: ясна, што замежныя спэцслужбы — літоўскія, польскія, украінскія, ці, не да ночы хай прыгаданае — ЦРУ. А расейская ФСБ — гэта свая, родная. І даўно ўжо адчувае сябе ў Беларусі як дома, прычым не як госьць, а як гаспадар.

Але вернемся да нататніка Церцеля. Канспэктаваньне сказанага Лукашэнкам — стандартная «карцінка», хто б перад ім не сядзеў: генэрал, міністар, кіраўнік прапагандысцкага СМІ. Нават акадэмік.

Ну, а як было ў савецкую эпоху, адкуль Лукашэнка ўсё пераймае, напрыклад, пры Машэраве, якога ў свой час называў эталонам кіраўніка?

Патэлефанаваў я свайму бацьку, які доўгі час быў сакратаром абкаму партыі, і запытаўся, ці мог ён на гутарцы ў Машэрава дастаць нататнік і запісваць тое, што казаў першы сакратар ЦК?

— Ніколі, — быў адказ. — На нейкіх рабочых нарадах, дзе было шмат выступоўцаў і гучалі лічбы ці факты, якія маглі быць карыснымі, — той, хто хацеў, запісы для памяці рабіў. Але каб на асабістых гутарках у Машэрава, дзе насупраць яго сядзелі адзін ці два чалавекі — ніколі. Такое проста не было прынята. Калі б я дастаў нататнік і пачаў за ім запісваць, у лепшым выпадку ў Машэрава ўзьнікла б пытаньне, ці ўсё ў мяне ў парадку з галавой.