НАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА ЦІ ЯДНАННЕ? На думку вядомага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, бе…

Мінск Навіны

НАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА ЦІ ЯДНАННЕ?

На думку вядомага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, беларускага вязня сумлення, грамадзянская вайна ў нашай краіне адбываецца як мінімум з часоў Плошчы-2010, калі рэжым вылучыў для сябе дзве часткі грамадства.

Тады, пасля падаўлення масавага выступу людзей супраць фальсіфікацый на выбарах 19 снежня, дзяржаўныя ўлады заняліся мэтанакіраваным – хоць і для прыліку прыхаваным у параўнанні з перыядам 2020 году і пасля – вынішчэннем, пераследам, выцісненнем з краіны тых грамадзян, якія ім не пасавалі, і даволі паспяховым ўсыпленнем астатніх “чаркай, шкваркай і іншамаркай”.

І хоць пра тое, што ў Беларусі “лепей лішняга не казаць і быць хітрэйшым”, не ведаў толькі гультай, вайна, якую грамадзяне ва ўладзе гадамі вялі супраць грамадзян у апазіцыі, праходзіла неяк непрыкметна для большасці. Пакуль не надыйшлі часы каронавіруса і прэзідэнцкіх выбараў-2020, можна было адсядзецца ў хаце з краю. Ці з’ехаць, што шмат хто і зрабіў – вымушана з-за пераследу ці ў пошуку лепшае долі на чужыне. А масштабы вайны нарасталі, гайкі закручваліся, турэмныя муры шырыліся і ўзмацняліся.

Падзеі 2020 году зрабілі раскол у грамадстве на два лагеры настолькі відавочным, што кожнаму давялося прымаць нейкі бок у гэтай вайне. І з таго часу напружанне супрацьстаяння між прыхільнікамі рэжыму і дэмакратычна арыентаванай большасцю толькі павялічваецца.

Вайна ва Украіне паказала масштабы агрэсіі, на якую здольныя пайсці ісці дыктатуры з паліцэйскімі дзяржавамі, і неабходнасць мець у арсенале дзейсныя спосабы з ёй змагацца.

Ці дойдзе сітуацыя ў Беларусі да крайняй кропкі, калі людзі возьмуць у рукі зброю супраць захапіўшых уладу сілавікоў, і якім можа быць выйсце для раз’яднанай на сёння беларускай нацыі, што стаіць на парозе страты незалежнасці краіны, разважаем у артыкуле.