20 лютага – памяць сьв. Лявона, біскупа Катанскага Сьвяты Лявон нарадзіўся каля 709 г. у Равэне ў п…

*

20 лютага – памяць сьв. Лявона, біскупа Катанскага

Сьвяты Лявон нарадзіўся каля 709 г. у Равэне ў пабожнай і багатай сям’і.

Стаў манахам-бенядыктынцам. Дзякуючы свайму сьвятому жыцьцю і апостальскай руплівасьці, прайшоў праз усе ступені царкоўнай ярархіі і быў абраны біскупам Катаніі на Сіцыліі.

Кірыла, біскуп Рэджа ў Калабрыі, зрабіў яго сваім памочнікам і паставіў на архідыякана.

У 765 годзе, пасьля сьмерці біскупа Сабіна, быў абраны пятнаццатым біскупам Катаніі якая тады належала да Ўсходняй Рымскай імперыі.

Адважны, як леў, як сьведчыць ягонае імя, зьзяючы, як зорка, ён здабыў сабе славу цудатворцы, апякуючыся сваім статкам, клапоцячыся пра сіротаў і удоваў, памятаючы пра ўбогіх і лякуючы немачных. Таксама ён падбаў, каб архітэктары збудавалі вялікую сьвятыню ў гонар мучаніцы Люцыі.

Біскуп Лявон адкрыта выступіў супраць іканаборства і пэўны час вымушаны быў нават хавацца ад перасьледу ў пячоры ў гарах на поўначы Сіцыліі. Шмат змагаўся з паганствам і з праявамі чараўніцтва, якія тады былі распаўсюджаныя ў Сіцыліі.

Біскуп Лявон памёр у старасьці сваёй сьмерцю каля 789 году. Быў пахаваны ў храме сьв. Люцыі, які ён збудаваў у гонар гэтай мучаніцы. Мошчы сьв. Лявона Катанскага захоўваюцца ў Рыме.