Breaking
22 Верас 2024, Няд

Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў у Вялікі ПостСыне мой! Калі прымеш словы мае і захаваеш запаветы мае ў…

*

Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў у Вялікі Пост

Сыне мой! Калі прымеш словы мае і захаваеш запаветы мае ў сабе, зрабіўшы вуха тваё ўважлівым на мудрасьць і схіляючы да праўды сэрца тваё; калі будзеш клікаць разважнасьць і заклікаць розум, калі шукаць яго будзеш, як серабро, і жадаць яго, як схаваны скарб, тады ты зразумееш, што такое страх Гасподні, і знойдзеш пазнаньне Бога. Бо Госпад дае мудрасьць, і з Ягоных вуснаў выходзяць пазнаньне і разважнасьць. Для праведных Ён захоўвае сваю дапамогу, Ён – шчыт для тых, што жывуць сумленна. Ён беражэ шляхі праўды і ахоўвае сьцежкі верных.

Тады зразумееш праўду і справядлівасьць, прастадушнасьць і ўсякі добры шлях. Бо мудрасьць увойдзе ў тваё сэрца і навука будзе пацехаю душы тваёй. Разважнасьць будзе сьцерагчы цябе, розум будзе цябе ахоўваць, каб ратаваць цябе ад ліхога шляху і ад чалавека з распусным языком; ад тых, што пакінулі дарогу праўды і ходзяць цёмнымі дарогамі, што рады чыніць зло і любяць распусту і сапсуцьцё, чые сьцежкі крывыя, і што блукаюць па сваіх шляхах; і каб уратаваць цябе ад чужой жонкі, ад няведамай, што ласкава гаворыць і што пакінула прыяцеля маладосьці сваёй, забылася пра запавет Бога свайго. Бо ейны дом вядзе да сьмерці, а сьцежкі яе – да апраметнай. Ніхто з тых, хто да яе прыходзіць, не вяртаецца назад і не трапляе на сьцежку жыцьця.

Дык хадзі дарогаю праведных, трымайся сьцежак людзей справядлівых. Бо праведныя будуць мець зямлю, і сумленныя будуць на ёй жыць. Няправедныя ж будуць вынішчаныя з зямлі, няверныя будуць выкараненыя з ёй. (Прып. 2, 1–22)